Гэты ж факт адзначае і паштальён мотадастаўкі Ганна Аблётава. Па колькасці падпісчыкаў ва ўсіх 35 вёсках, якія яна абслугоўвае, “Бярэзінская панарама” ўпэўнена займае першае месца. Ды і сама Ганна Міхайлаўна з’яўляецца даўняй і заўзятай падпісчыцай нашай газеты. Таму з вялікай ахвотай прапаноўвае падпісацца на яе жыхарам свайго мікрараёна, знаходзячы ў іх бясспрэчную згоду.
А маршрут у Ганны Аблётавай пралягае ад вёскі Святліца і доўжыцца да самага ўскрайку раёна – Прыцерпы. Адначасна яна завозіць карэспандэнцыю на Якшыцкае і Багушэвіцкае паштовыя аддзяленні, якія абслугоўваюць названыя населеныя пункты.
– Работы, безумоўна, хапае, – расказвае жанчына. – бо сёння акрамя традыцыйных паслуг па дастаўцы газет і часопісаў паштальён выконвае і шмат іншых спраў: з дапамогай перанаснога тэрмінала ажыццяўляе грашовыя аперацыі, дастаўляе пенсіі, рэалізуе харчовыя і гаспадарчыя тавары, вядзе ўлік папярэдніх заявак.
Не раз даводзілася выступаць і ў ролі сацыяльнага работніка і псіхолага адначасова, калі састарэламу адзінокаму чалавеку хочацца выгаварыцца, падзяліцца думкамі і ўласнымі развагамі. І ты слухаеш, спагадаеш, нягледзячы на тое, што наперадзе ў цябе яшчэ шмат вёсак, работы і ты наўрад ці ўкладзешся ў адведзены табе графікам рабочы час.
Ганна Міхайлаўна ў калектыве паштальёнаў не навічок і карыстаецца павагай не толькі сярод сяльчан, якіх абслугоўвае, а і ў родным калектыве. На жыццёвым календары нашай гераіні распачаўся юбілейны 25-ы год работы паштальёнам.
Складаецца яе працоўны стаж з двух частак, паміж якімі аказаўся перыяд, калі жанчыне па сямейных абставінах давялося памяняць месца службы. Як прызнаецца Ганна Міхайлаўна, у першы раз на пошту для працаўладкавання яна прыйшла, лічы, выпадкова (абслугоўвала тады адзін з гарадскіх участкаў). А вось у другі раз ва ўчастак паштовай сувязі ішла свядома, добра ведаючы круг сваіх абавязкаў і захаваўшы да гэтай справы прыязнасць і любоў.
Нямала перамен адбылося на вачах Ганны Аблётавай за мінулыя чвэрць стагоддзя. Сёння газеты і часопісы актыўна дапаўняюць электронныя сродкі масавай інфармацыі, разгалінаваная сетка Інтэрнэт, дзе таксама змяшчаюцца навіны, каментарыі, журналісцкія матэрыялы. Але яны не могуць пахіснуць адданасць чытачоў друкаваным СМІ, якія па-ранейшаму аб’ектыўна, усебакова, без хлусні і фэйкаў нясуць людзям праўдзівую інфармацыю аб жыцці, справах і клопатах кожнага з нас.
Відаць, у гэтым і заключаецца нязменны аўтарытэт газет і часопісаў у падпісчыкаў, даверлівыя адносіны да іх. А тое, каб перыёдыка прыходзіла ў кожны дом своечасова, і клапоцяцца надзейныя памочнікі журналістаў паштальёны, у ліку якіх і паштальён мотадастаўкі Бярэзінскага ўчастка паштовай сувязі Ганна Аблётава.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.