А задала я яго не выпадкова, бо маладая жанчына не толькі рэгулярна чытае нашу газету, але і кіруе аддзелам дзіцячай кнігі Бярэзінскай цэнтральнай біліятэкі і ў дадатак вядзе бібліятэчны сайт, які паступова набірае папулярнасць сярод бярэзінцаў. Ды і цесна яна сябруе з газетай: ужо пабачылі свет першыя матэрыялы пра культурныя мерапрыемствы ў бібліятэцы за подпісам Анжалікі Асадчай.
– Калі б вы ў мяне запыталі пра гэта два гады назад – калі я яшчэ была ў дэкрэтным водпуску, я з дакладнасцю на сто працэнтаў дала б станоўчы адказ, – пачала гутарку Анжаліка. – Здаецца, ну што тут складанага: збірай інфарма-цыю, апрацоўвай яе і – пішы. Усё спачатку падавалася ў гэтай справе вельмі лёгкім і простым – да першых грабель і творчых пакут. Цяпер жа для мяне ёсць толькі дзве катэгорыі асабіста майго «пісання» – «інфармашкі» і «цікавінкі», як я іх любоўна называю. І больш складана мне працаваць якраз не над другімі, якія патрабуюць часу, пошукаў інфармацыі, разважанняў, уласнай падрыхтоўкі, а над інфармацыйнымі тэкстамі. Зрабіць чарговы справаздачны тэкст чытабельным, каб ён быў зразумелы ўсім і каб у прафесіяналаў не ўзнікала пытанняў, асабіста для мяне – высачэзны журналісцкі пілатаж. Але адно я ведаю добра: калі табе цікава тое, аб чым ты пішаш, тады і чытачу будзе цікава.
Сябраваць з пяром Анжаліка мяркуе і далей і ў якасці свайго вернага памочніка ў гэтай справе разглядае раённую газету: чытае яе рэгулярна і ўдумліва.
– У мяне асноўная задача абудзіць у дзяцей любоў да кнігі, да чытання, навучыць іх праз літаратуру думаць, аналізаваць, суперажываць, – гаворыць яна. – Газета таксама выхоўвае, вучыць, нясе людзям радасць і надзею, зараджае пазітывам. Ведаю гэта не па словах, бо і сама ў свой час лётала ад шчасця, калі на 23 лютага мой муж, мая сям’я атрымалі самы каштоўны падарунак – мы сталі героямі публікацыі ў раёнцы. Тыя імгненні шчасця і зараз жывуць у маёй душы, а матэрыял беражліва захоўваецца ў сямейным архіве. Дарэчы, Анжаліка не толькі выдатны прафесіянал, улюбёны ў сваю справу і адкрыты розным навацыям, але яшчэ добрая матуля трох сыноў. Гэта накладвае адбітак на яе чытацкі інтарэс у нашым выданні.
– Мяне матуля навучыла шанаваць друкаванае слова і паважаць журналісцкі талент, – заўважае жанчына. – Яна дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі, якая ўсё сваё працоўнае жыццё прысвячае справе прапаганды чытання і не раз друкавалася ў раёнцы. І сёння матуля асабліва вылучае на старонках газеты матэрыялы пра справы бібліятэкараў. Таму і я па яе ўроках прывучаю сваіх сыночкаў да сямейнага чытання. У раёнцы ж знаходзіцца месца розным казкам, дзіцячым навінам, карыснай інфармацыі, віктарынам. Ды і цікава ўсёй нашай сям’і ведаць, чым жыве наш горад, наш раён, як працуюць і чым жывуць яго жыхары. Нярэдка ўважліва прачытаць цікавы артыкул прымушае кароткая інфармацыя ў сацыяльных сетках. А як без іх у наш час!
З вышыні свайго пэўнага журналісцкага вопыту і вялікага чытацкага стажу магу сказаць, што артыкулы рэспубліканскіх і абласных карэспандэнтаў не горшыя, але і не лепшыя за публікацыі бярэзінскіх журналістаў, – зазначае Анжаліка. – Там у поўнакаляровых выданнях пішуць «правільна»: безэмацыйна, безасабова, неперадузята, па пэўных жанрах і стандартах. Аднак пагартаў іх, затрымаўся вокам на патрэбным – і закрыў, амаль што забыў. А наша газета – яна наша, адметная, са сваёй душой, і што самае галоўнае, – смачная.
На працоўным стале Анжалікі заўседы мноства кніг і перыядычных выданняў, не гасне манітор камп’ютара.
– І робяць яе такой журналісты разам са сваімі чытачамі і героямі артыкулаў. Журналісцкая праца вельмі няпростая і недарэмная. Таму ў Дзень друку зычу сваім калегам па справе творчых поспехаў. А сама абяцаю ім, што буду працягваць вучыцца і дарастаць да сапраўднай журналістыкі, набіваючы крыўдныя гузакі і атрымліваючы сапраўдную асалоду ад зробленага, – зазначыла Анжаліка.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.