Хай стане гэты факт навукай іншым

Date 06.06.2023 Man
Comment 907
Хай стане гэты факт навукай іншым

На разгляд чарговага пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх было вынесена некалькі спраў аб учыненых юнымі правапарушальнікамі фактах парушэння закона. І няхай некаторыя з іх былі нязначнымі, аднак і яны застануцца на пачатку біяграфіі хлопчыкаў і дзяўчынак непрыемнай плямай на ўсё жыццё. Вельмі ж хочацца, каб у далейшым іх лёс склаўся больш паспяхова і ім не даводзілася перасякацца з супрацоўнікамі праваахоўных органаў з-за аналагічных прычын.

Не будзем перагортваць усе старонкі пратаколаў і прадстаўленых дакументаў. Спынімся толькі на адным факце, бо ён вельмі павучальны як для саміх непаўналетніх, так і для іх бацькоў.

Абставіны справы разгортваліся наступным чынам. У час адной з паездак на школьным аўтобусе на раённыя спаборніцтвы адзін з навучэнцаў згубіў мабільны тэлефон. Дзе – дакладна вядома не было, таму бацькі дзіцяці аб прапажы заявілі ў міліцыю (мала хто якія аперацыі будзе ажыццяўляць з тэлефона). На наступны дзень пасля заканчэння заняткаў школьны аўтобус развозіў дзятву па аддаленых вёсках. І так здарылася, што на канчатковым пункце рэйса адна са старшакласніц выявіла страчаны мабільнік прама  ў аўтобусе. Аднак пра сваю знаходку нікому не паведаміла, маўляў, заўтра прывязу ў школу і аддам дырэктару. Але наступны дзень быў выхадным. Прыхапіць знаходку ў панядзелак дзяўчына (па яе словах) забылася. У гэты ж дзень сябар старшакласніцы паскардзіўся ёй, што яго мабільнік перастаў працаваць. Ну як тут было не выручыць хлопца? Але паслуга тая аказалася сапраўды “мядзведжай”. Тэлефон неўзабаве “засвяціўся”. Астатняе было, як кажуць, справай тэхнікі. Сёння апарат знаходзіцца ў яго законнага ўладальніка.

Фабула, як бачым, трывіяльная. Але яна цягне на крымінальную справу. Ну хто не ведае, што чужое браць ці прысвойваць нельга? Вучаць гэтаму і ў школе, дзе вучыцца наша гераіня. Чаму ж у такім выпадку не вярнула знаходку, як збіралася тое зрабіць напачатку? Пераважыла жаданне дапамагчы знаёмаму хлопцу і зарабіць у яго вачах некалькі бонусаў? Так, сапраўды, іншы раз у юнацтве мы робім неабдуманыя крокі, прычым не ўласна для сябе, а для самазацвярджэння. На жаль, закон падобныя ўчынкі трактуе інакш.

Што датычыцца дзяўчыны, то сёлета яна заканчвае школу, мае някепскія балы ў атэстаце і станоўчыя водгукі педагогаў, збіраецца паступаць вучыцца далей і больш ніколі не рабіць штосьці падобнае таму, што ўжо здарылася. Верыцца, што яно так і будзе. А пакуль што яна трапіла на ўлік адпаведных органаў і дакумент, які сведчыць пра гэты факт, аўтаматычна будзе накіраваны па месцы навучання нашай зямлячкі. Крыўдна? Безумоўна. І паказальна для іншых, хто можа трапіць у аналагічную сітуацыю. Не рызыкуйце сваім сумленнем і не плямце яго!

Ішла на пасяджэнні камісіі гаворка не толькі аб нядобранадзейных сем’ях і юных правапарушальніках. На пачатку лета важнымі з’яўляюцца пытанні арганізацыі адпачынку, працаўладкавання і аздараўлення непаўналетніх, у тым ліку і тых, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы і ў адносінах якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. На іх сумеснае вырашэнне ўстановамі сістэмы прафілактыкі і іншымі зацікаўленымі структурамі накіравана рэспубліканская міжведамасная праграма “Клопат”, якая ў поўнай меры разгортваецца і ў нашым раёне.

 

Тэме летніх канікул было прысвечана і наступнае пытанне парадку дня пасяджэння камісіі – забеспячэнне комплекснай бяспекі жыцця і здароўя дзяцей, меры па прадухіленні выпадкаў траўміравання і гібелі дзяцей ад знешніх прычын. У праграме запланаваных мерапрыемстваў – правядзенне рэйдаў і акцый, наведанне школьнікаў на даму, у тым ліку і з мэтай выяўлення небяспечных умоў іх пражывання. Не застанецца без увагі знаходжанне непаўналетніх на вадаёмах і гульнявых пляцоўках, на дарогах і ў месцах адпачынку. Аднак папярэджванне дзіцячага траўматызму – гэта не толькі і не столькі клопат настаўнікаў, работнікаў праваахоўных органаў, выратавальнікаў, а ў першую чаргу саміх бацькоў, праяўлення іх клопату і толькі станоўчы ўласны прыклад паводзін.

У Бярэзінскім раёне працуе лінія даверу – «Мы ў адказе за нашых дзяцей». Тэлефон – 68411. Паведаміць аб праблемах можна з 7.00 да 21.00 штодня. Не будзьце абыякавымі, калі вы бачыце сямейнае няшчасце, ёсць пытанні па выхаванні дзяцей – тэлефануйце!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Люты 2025 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28