І настаўнік, і адміністратар

Date 30.09.2023 Man
Comment 1181
І настаўнік, і адміністратар

Гэтыя абедзве пасады паспяхова спалучае ў сваёй рабоце выкладчыца інфарматыкі і адначасова намеснік дырэктара СШ №2 г. Беразіно па вучэбнай рабоце, якая курыруе работу пачатковых класаў, Марына Несцяровіч.

Гледзячы на гэтую мілавідную і маладжавую жанчыну, нават і не скажаш, што ў яе за плячыма ўжо 25 гадоў педагагічнага стажу. Тым не менш, для Марыны Леанідаўны гэты навучальны год, сапраўды, юбілейны. І ўвесь гэты час быў прысвечаны дзейнасці менавіта ў другой гарадской школе.

– У якасці намесніка дырэктара я працую вось ужо сем гадоў, – прызнаецца яна. – Спачатку было, зразумела, цяжкавата не столькі спалучаць абедзве пасады, колькі займацца адміністрацыйнай дзейнасцю. Ды і з пачатку работы я прывыкла супрацоўнічаць з вучнямі сярэдняга і старэйшага ўзростаў. А тут давялося істотна пашырыць свой круг абавязкаў і ўнікнуць у сутнасць спраў пачатковага звяна. І ў гэтым ёсць свая цікавасць, бо аказваешся ў гушчыні ўсіх спраў, што адбываюцца ў школе.

Зараз у СШ №2 у пачатковых класах займаюцца 232 вучні. Усе яны, як і старшакласнікі, у якіх Марына Леанідаўна вядзе ўрокі, для педагога аднолькавыя, бо ў роўнай ступені ўяўляюць сабой асобу, якую патрэбна правільна сфарміраваць і даць неабходны багаж ведаў. Такога ж меркавання прытрымліваюцца і іншыя педагогі школы, у пераважнай большасці людзі, якія аддалі адукацыі ўжо не адзін год свайго жыцця. 

Таму ў зносінах з імі Марына Леанідаўна імкнецца не быць адміністратарам або метадыстам, які кантралюе ход вучэбнага працэсу ў пачатковым звяне, а і сама нярэдка вучыцца ў сваіх калег, пераймае штосьці новае і перспектыўнае. Яе любяць і шануюць малодшыя школьнікі, гоняцца за ёй, раяцца і нават давяраюць свае тайны, бо ўпэўнены, што яна абавязкова разбярэцца ў любой самай складанай сітуацыі, да яе аўтарытэтнага слова яны заўсёды прыслухоўваюцца.

– Мая пасада дае мне магчымасць больш кантактаваць са сваімі калегамі, дапамагаць ім (асабліва маладым) у наладжванні кантактаў з вучнямі, – дзеліцца Марына Леанідаўна. – Разам з тым гэта і дадатковая папяровая работа, якая забірае нямала часу і за якую бярэшся ўжо ў той час, калі заціхаюць школьныя калідоры і ніхто не перашкаджае табе запоўніць неабходныя дакументы, заняцца вывучэннем школьных праграм і методык, каб быць у курсе таго, што належыць ведаць самой, каб патрабаваць выканання той ці іншай задачы ад іншых. А яшчэ ж і ўрокі патрэбна правесці, ды таксама так, каб зацікавіць дзяцей сваім прадметам. Але я шчаслівая, бо адчуваю сябе менавіта на сваім месцы і ведаю, што педагогіка, навучанне і школа – гэта той шлях, з якога я ніколі не збочу і буду займацца гэтай справай усё сваё жыццё. Відаць, такі мой лёс. Шчаслівы лёс.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30