У нядзелю ж мяркуюць адправіцца ў Барысаў, каб праведаць старэйшага сына Дзмітрыя, які з’яўляецца навучэнцам кадэцкага вучылішча. Ведаюць і памятаюць яны і пра тое, што іх чакае роўна праз месяц: сямейная ўрачыстасць з нагоды 15-годдзя з часу ўступлення ў шлюб, так званае хрустальнае вяселле.
Чым жа вызначыўся мінулы час для маладой сям’і, чым аказаўся запоўненым? Галоўным назапашаным багаццем Любоў Іванаўна лічыць сваіх чацвёра дзетак. Растуць яны выдатнымі памочнікамі, паслухмянымі і адказнымі. Па слядах старэйшага брата мяркуюць пайсці і стаць афіцэрамі шасцікласнік-гімназіст Сяргей і меншы Андрэй, які пакуль наведвае пачатковыя класы гімназіі. Яны – хлапчукі адказныя і з’яўляюцца першымі памочнікамі ў многіх справах: могуць і прыбрацца, а Сяргей – нават і абед згатаваць. А вось гадаванка дзіцячага садка Вераніка (трэба ж – так зрэшты пашанцавала на дачушку!) ва ўсім імкнецца быць падобнай на гаспадарлівую матулю, любімымі заняткамі якой у вольны час з’яўляюцца гатоўка розных страў (эксперыментуе з блюдамі, адшуканымі ў інтэрнэце), шыццё, закруткі на зіму, агародніцтва. Яшчэ Вераніка ведае, што матуля з татам працуюць у ЗАТ “Клявіца”, тата – слесарам-рамонтнікам, а маці – аператарам цэха дарошчвання парасят і даглядае больш за тысячу маленькіх жывёл.
Галоўным у выхаванні дзетак Любоў Іванаўна лічыць іх своечасова падтрымліваць і матываваць для выканання пастаўленай мэты.
А яшчэ – мець вялікае цярпенне, каб выслухаць сваё дзіця, не адкладваць на потым размову, ну і, безумоўна, прывіваць працавітасць і дабрыню, перш за ўсё за кошт уласнага прыкладу.
Жанчына лічыць сябе чалавекам шчаслівым, бо што можа быць важней за сямейныя лад і згоду, паслухмяных дзетак і новай утульнай кватэры, пабудаванай з дапамогай дзяржаўных сродкаў, якія былі выдзелены ў якасці падтрымкі мнагадзетнай сям’і.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.