Дзень нараджэння камсамола штогод адзначаецца 29 кастрычніка. Сёння камсамол ужо не мае свой ранейшы ідэалагічны сэнс, але людзі, у памяці якіх захаваліся ўспаміны аб гэтай маладзёжнай арганізацыі, працягваюць адзначаць гэта свята.
Вядучая мерапрыемства метадыст аддзела маркетынга і сацыякультурнай дзейнасці ЦБС Вікторыя Багадзяж спачатку прыгадала некаторыя старонкі з гісторыі стварэння і развіцця камсамола: - 29 кастрычніка 1918 года на першым Усерасійскім з’ездзе саюзаў рабочай і сялянскай моладзі было прынята рашэнне аб стварэнні Расійскага камуністычнага саюза моладзі (РКСМ). Пазней гэтая арганізацыя двойчы пераназывалася: у 1924 годзе ёй было прысвоена імя Леніна, а ў 1926-м у назве з’явілася слова "ўсесаюзны". У выніку і атрымаўся УЛКСМ - Усесаюзны Ленінскі камуністычны саюз моладзі.
Камсамол стаў масавай арганізацыяй, якая мела каласальны ўплыў ва ўсіх сферах жыцця: прамысловасці і эканоміцы, адукацыі і навуцы, культуры і мастацтве, спорце, арганізацыі вольнага часу. У кожнай установе, прадпрыемстве і сілавых ведамствах абавязкова была першасная арганізацыя УЛКСМ. Галоўная задача камсамола заключалася ў тым, каб выхоўваць моладзь у духу ідэй камунізму і мабілізаваць чалавечыя рэсурсы на будаўніцтва “светлай будучыні”...
Да ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства былі прапанаваны выставы, створаныя з уласных рэчаў жыхара горада Беразіно Васілія Каваленкі. Васілій Стэфанавіч раней быў інструктарам Пагарскага раённага камітэта Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Бранскай вобласці.
- Потым, калі пачала праводзіцца рэканструкцыя Пагарскага маслазавода, - прыгадваў Васілій Стэфанавіч, - па накіраванні райкама камуністычнай партыі я, як малады камуніст, трапіў на вытворчасць, дзе працаваў галоўным інжынерам. Камсамольскі білет мне ўручылі ў 1974-ым годзе. Добра памятаю той дзень, калі ў зімовую пургу давялося доўга дабірацца да райкама камсамола, у памяшканне мы прышлі заснежанымі, мокрымі. Але як горда адчувалі сябе, трымаўшы ў руках новенькі камсамольскі білет на сваё прозвішча... Партыйны білет я атрымаў у 1986-ым годзе...
- Нам вельмі спадабалася сустрэча з Васіліем Стэфанавічам - былым камсамольцам, - гаварылі дзяўчаты Марыя Бачарова і Карына Сіняк, - вельмі цікава было пачуць сведкаў тых далёкіх для нас гадоў.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.