.jpg)
– Работы хапае, – расказваюць мужчыны. – Стараемся працаваць належным чынам, ва ўсім дапамагаючы адзін аднаму, свае абавязкі не дзелім паміж сабой. Таму і атрымліваем добрыя вынікі. У сярэднім прыбаўленні ў вазе па нашай групе складаюць не менш 700 грамаў, іншы раз яны даходзяць і да 900 грамаў. Многае ў нашай працы залежыць ад наяўнасці кармоў і своечасовай іх раздачы. Сёння кармамі мы забяспечаны пад поўную патрэбу. Ёсць таксама камбікорм КР-1 і КР-2, сена. Так што зімоўка павінна прайсці на высокім узроўні.
Што датычыцца працаўнікоў, то ў жывёлагадоўлі яны далёка не навічкі. Так, стаж работы з цялятамі ў Генадзя Бубянцова складае 29 гадоў. Як расказвае мужчына, у свой час накіравалі яго на ферму часова з-за адсутнасці пастаяннага работніка, ды так і застаўся ён на гэтым адказным участку работы. Ды і Валерый Макарэвіч, хоць працуе ён у «Здравушка-агра» ўсяго пяць гадоў, прыйшоў у жывёлагадоўлю дваццаць гадоў назад. Да гэтага рупіўся спачатку на трасцянецкай, потым на паложынскай фермах ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс», даглядаючы жывёлу.
Такім чынам, не толькі жаночая пяшчота ды ласка ў абыходжанні з жывёлай могуць даваць высокія паказчыкі. Здольныя на гэта і мужчыны. Асабліва калі справа, якой яны прысвяцілі сябе, прыносіць ім радасць і задавальненне.
Раздой – адказны ўчастак
Тут жа, на малочнатаварным комплексе «Паплавы», працуе і Наталля Сярмяжка. Яна з’яўляецца аператарам машыннага даення. Вялікую адказнасць яе справе надае тое, што жанчына займаецца раздойваннем цялушак. І ад яе ўмення і стараннасці ў істотнай ступені залежыць прадуктыўнасць каровы на працягу наступнага перыяду. Сёння пад яе пачаткам знахозіцца 50 цялушак, ад кожнай з іх жанчына атрымлівае ў сярэднім па 13-15 кілаграмаў малака.
– Прыхільнасць да жывёлагадоўлі ў мяне доўжыцца ўсё жыццё і перадалася ад маці, якая доўгі час працавала даяркай у Арэшкавічах, - расказвае Наталля Сярмяжка. – Свой працоўны шлях пачынала там і я. На ферме, лічы, з 16 гадоў. Доўгі час з’яўлялася асемянатарам, за сваю працу не раз мела падзякі. Наогул, працаваць з жывёлай мне вельмі падабаецца. Таму і не здрадзіла гэтай справе, калі пераехала ў Беразіно.
.jpg)
Якім чынам аказалася жанчына ў райцэнтры? Тут яна, як мнагадзетная матуля, атрымала добраўпарадкаваную кватэру ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб падтрымцы мнагадзетных сямей. Так-так, Наталля Вікенцьеўна з’яўляецца матуляй чатырох дзетак. Двое сыноў звязалі сваё жыццё з працай механізатара, яшчэ адзін набывае гэтую спецыяльнасць зараз, а чацвёрты сын абраў сваім жыццёвым крэда будаўніцтва і з’яўляецца тынкоўшчыкам у ПМК-182.
– Калі мы пераехалі ў Беразіно, – расказвае жанчына, – у мяне было нямала прапаноў па працаўладкаванні ў самім горадзе. Але я ўсё ж аддала перавагу любімай з дзяцінства справе работы з жывёлай. Прапаноўвалі стаць аператарам машыннага даення ў даільным блоку, але я адмовілася, бо мне больш даспадобы менавіта цялушкі. Працую з задавальненнем, бо гэта менавіта маё месца і мая справа.
У перспектыве – стаць вадзіцелем
Гэты ўтульны і прывабны сядзібны домік на вуліцы Зялёнай, што ў вёсцы Новіны, і гэтымі днямі поўніцца кветкамі, навокал адчуваецца дагледжанасць і гаспадарская рука. А жыве тут сям’я Бурымскіх: яна – сацыяльны работнік (гэта яе намаганнямі радуюць вока квяцістыя клумбы), ён – механізатар СУП «Здравушка-агра».
З Валерыем Бурымскім мне даводзілася перасякацца яшчэ летась у час жніва. Нагода была даволі прыемная: разам з прадстаўнікамі раённага выканаўчага камітэта мы прыязджалі тады на поле, каб павіншаваць стараннага працаўніка са званнем тысячніка. Дарэчы, сярод механізатараў такога паказчыка дасягалі толькі адзінкі.
– Так, – згаджаецца Валерый Аляксандравіч, – леташні год быў для мяне паспяховым і ўдачным. На жаль, сёлета ў жніве паўдзельнічаць не давялося – на адвозцы збожжа былі заняты аўтамабілі, а мой трактар не быў задзейнічаны.
Гэтую яго ўнікальнасць у гаспадарцы добра ведаюць, таму невыпадкова прапанавалі стараннаму работніку «асядлаць» новы МАЗ, які неўзабаве павінен паступіць сюды. А ў такім выпадку ў час наступнага жніва, калі Валерый Бурымскі будзе задзейнічаны ў якасці вадзіцеля, чакаюць яго новыя перамогі і абавязковае званне тысячніка.
Але спраў у механізатара хапае і без таго. Яго трактар МТЗ-1221 запатрабаваны на многіх відах работ. Зараз, напрыклад, Валерый Бурымскі заняты вывазкай арганікі на палі. Затым будзе і яе ўнясенне. У іншыя сезоны займаецца падкормкай пасеваў, а большай часткай даводзіцца завіхацца ў час нарыхтоўкі кармоў, у тым ліку і кукурузы. У зімовы час у мужчыны ёсць магчымасць даць водпуск камусьці з вадзіцеляў, бо мае правы і на кіраванне гэтым транспартам.
Шлях стане бліжэйшым
Лічыцца, што работа ў сельскай гаспадарцы носіць сезонны характар. Часткова гэта так, бо пік работ звычайна прыпадае на летне-асенні перыяд. Але для Мікалая Белабародага такі рэжым работы не ўласцівы, бо заняты справамі ён на працягу ўсяго года і без працы не прастойвае. Адбываецца гэта па той прычыне, што Мікалай Барысавіч кіруе пагрузчыкам. А яму заўсёды знойдзецца справа. Так, у час нарыхтоўкі кармоў яго «Амкадор» звычайна заняты на трамбоўцы сянажнай масы, у час жніва – на пагрузцы збожжа, у іншыя часы – на пагрузцы арганікі і абслугоўванні ферм…
У калектыве СУП «Здравушка-агра» чалавек ён новы, бо працуе тут усяго трэці год пасля ліквідацыі ААТ «Месціна». З таго часу і ездзіць з Сялібы на работу ў Паплавы. Але неўзабаве шлях яго да работы стане намнога карацейшым – толькі з Беразіно. Сям’я Белабародых у хуткім часе перабярэцца ў райцэнтр, дзе атрымала новую кватэру ў доме па вуліцы Красіна.
– Пакуль што мы завяршаем рамонт кватэры і ўладкаванне яе, – расказвае мужчына. – Жыллё атрымалі як мнагадзетная сям’я: мы гадуем пяцярых дзетак. Старэйшы з іх нядаўна вярнуўся з арміі, другі паўгода як праходзіць воінскую службу, старэйшая з дачок сёлета пасля школы паступіла вучыцца на повара ў Барысаў, яшчэ двое з’яўляюцца школьнікамі.
Так што ёсць дзеля каго жыць і працаваць, каму падаваць прыклад у працы і перадаваць свае навыкі і веды.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.