«Дзіця ў пэўным узросце недаацэньвае небяспеку некаторых сваіх дзеянняў. Малыя даследуюць гэты свет, і калі іх гульні і забавы аказваюцца па-за кантролем дарослых – да бяды будзе рукой падаць. Так, штогод дзеці гінуць на пажарах і пры дарожна-транспартных здарэннях, тонуць на вадаемах, выпадаюць з вакон і атрымліваюць электратраўмы… Спіс трагічных наступстваў можна працягваць. Вінаваціць малое дзіця не прыходзіцца, бо відавочна вінаватыя бацькі, што пакінулі яго без нагляду», – зазначыла інспектар.
Фільм «Бяспека – у кожны дом» расказаў удзельнікам акцыі пра асноўныя правілы, абавязковыя для выканання кожным гаспадаром, што дбае пра сваю бяспеку. Дырэктар установы Сяргей Вальчэўскі нагадаў сваім работнікам прынцып прывядзення ў работу вогнетушыцеля. Таксама мы пагаварылі пра знакі пажарнай эвакуацыі, мабільнае прыкладанне «Дапамога побач», Вольга Ермакова адказала на пытанні прысутных.
Не курыце ў ложку, не перанакальвайце печку, трымайце ў спраўнасці электрасеткі, своечасова выконвайце іх рамонт, выключайце электрапрыборы, што не прызначаныя для пастаяннай работы, сачыце за дзецьмі. Нескладаныя, здаецца, правілы. Аднак не для кожнага яны відавочныя і абавязковыя для выканання. У групе рызыкі – пажылыя грамадзяне і людзі, што злоўжываюць спіртнымі напоямі. Менавіта яны часцей за ўсё становяцца ахвярамі пажару. І калі першая катэгорыя людзей чуйна рэагуе на рэкамендацыі ратавальнікаў, то да другой «дастукацца» часам не атрымліваецца ніякімі намаганнямі. Беражыце сябе! Жыццё – цудоўнае, а наперадзе шмат добрага!