- Для мяне быць веруючым чалавекам – гэта любіць Бога і пераносіць такія зносіны на стасункі з іншымі людзьмі, - гаворыць Зоя Паўлаўна. – Такое стаўленне дапамагае ўспрымаць кожнага чалавека без прэтэнзій, так, як ён створаны вышэйшай сілай. Нікога не асуджаць, разумець кожнага. Вядома, дапамагае тут малітва. Яна суправаджае мяне і ўранку, і ўвечары. Таксама імкнуся штотыднёва наведваць імшу ў нашым храме.
Гэта стала добрай звычкай, бо пачала я хадзіць на набажэнствы ў касцёл з 1994 года, калі ў Беразіно была створана свая парафія. Доўгі час у нашу каплічку па вуліцы Піянерскай прыязджалі ксяндзы з Барысава. А цяпер у Беразіно ёсць свой святар Андрэй Фёдараў, а таксама адчыніў брамы велічны касцёльны храм.
Зараз здзіўляешся, як мы раней размяшчаліся ўсе ў маленькай каплічцы.
Я заўсёды імкнуся з карысцю правесці час Вялікага посту. Лічу, што гэты перыяд патрабуе ў першую чаргу працы чалавека над сваім душэўным станам, каб зноў падумаць над Таямніцамі пропаведзі Хрыста, яго ахвяры на крыжы і ўваскрэсення. І перш за ўсё ў гэту пару я чытаю Евангелле – крыніцу чалавечай мудрасці. Таксама наведваю асноўныя набажэнствы велікапоснага часу, у тым ліку сярод тыдня.
Я абавязкова прыйду на вячэрнюю суботнюю Велікодную імшу, і на ранішную – нядзельную. І атрымліваецца так, што заўсёды ў гэты дзень я адчуваю святочны настрой.
Канечне, будзе на нашым стале і асвячоная ежа: яйкі, булкі, печыва. Гэта таксама сімвал Вялікадня, традыцыя, якую шануюць усе веруючыя.
Зоя Несцяровіч працуе ў Гарэніцкай школе настаўнікам сусветай гісторыі, гісторыі Беларусі і грамадазнаўства. Але спачатку жанчына скончыла Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум пасля 8 классаў агульнаадукацыйнай школы.
Пэўны час працавала бухгалтарам. Ды затым па прыкладу бацькі Паўла Антонавіча Несцяровіча, які быў гісторыкам па адукацыі і працаваў у нашай раённай газеце, завочна скончыла гістфакт БДУ. Выбрала такі навуковы накірунак таму, што ў дзяцінстве было цікава пагартаць бацькавы тоўстыя гістарычная кнігі, якія захоўваліся на дамашніх палічках.
І працаваць настаўнікам Зоі Паўлаўне цікава. Яна распавядае, што ў іх школе выдатны калектыў і разумныя вучні. А такі пазітыўны погляд на людзей і сваю прафесію, згадзіцеся, таксама вынік адмысловай духоўнай працы над сабой. У сваёй прафесіі яна імкнецца, каб дзеці ўспрымалі матэрыял эмацыянальна і з цікавасцю.
- У маім жыцці неаднаразова былі выпадкі, якія можна назваць толькі Божым блаславеннем, - працягвае Зоя Несцяровіч. – Гэтыя адчуванні асабістыя, і думаю, што ў кожнага веруючага хрысціяніна было падобнае. Усім каталікам нашай парафіі жадаю натхнёна перажыць святы, знайсці ў штодзённай мітусні супакой і Божую ласку. А братам-праваслаўным – годна скончыць пост, каб Велікодны дзень стаў сапраўднай урачыстасцю.
Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.