Новы аўтобус і любоў ад чытачоў

Date 02.12.2024 Man
Comment 159
Новы аўтобус і любоў ад чытачоў

Жыццё Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі заўсёды бурліць і віруе разнастайнымі падзеямі. Пасля рамонту будынка, праведзенага некалькі гадоў назад, установа нібыта занава нарадзілася, перайшла ў новы фармат свайго існавання. І гэта не вымушаная мера, а патрабаванне часу – ісці ў будучыню і несупынна развівацца. Сёння бібліятэка – гэта не толькі кнігі, але і партал у свет дзівосных адкрыццяў, культурных падзей і крыніца штодзённых інфармацыйных павестак у стужцы навін.

Толькі сёлета на лакацыях раённай бібліятэкі адбыліся абласны семінар на тэму «Бібліятэчнае краязнаўства: у пошуках новых форм і ідэй», абласны семінар-практыкум для спецыялістаў раённых метадычных службаў на тэму «Клуб-бібліятэка як эфектыўная форма работы культурна-адпачынкавай дзейнасці». На пляцоўцы абмеркавання ладзіліся цікавыя дыспуты, агучваліся шматлікія творчыя ідэі і спосабы іх рэалізацыі, прысутнічалі госці са сталіцы, а таксама з самых розных куткоў Міншчыны. Гэта не ўлічваючы мерапрыемстваў, якія сталі тут традыцыйнымі: краязнаўчага форуму з удзелам адмысловых спецыялістаў з іншых раёнаў і сталіцы, літаратурнага рэгіён-форума «Масты сяброўства», фестывалю беларускай кнігі «Кніжныя далягляды», на якія запрашаліся пісьменнікі, выдаўцы, работнікі бібліятэк вобласці і чытачы – аматары літаратуры, а таксама безліч мерапрыемстваў раённага ўзроўню.

– Дзверы бібліятэкі адчыненыя для ўсіх, хто шукае ў жыцці штосьці новае, або проста хоча пазнаёміцца з літаратурным светам. Да нас прыходзяць як і самыя маленькія чытачы, так і людзі пенсійнага ўзросту, ад школьнікаў на навукоўцаў, ад вартаўнікаў да інжынераў і работнікаў сельскай гаспадаркі. Кожнаму мы можам прапанаваць не толькі чытво адпаведна ўласным густам, схільнасцям і інтарэсам, але і запрасіць паўдзельнічаць у якім-небудзь мерапрыемстве, або наведаць мастацкую выставу, – гаворыць дырэктар Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Маеўская. – Сёння наша ўстанова зрабілася неад’емнай часткай і актыўнай удзельніцай культурнага жыцця рэгіёна. Ужо столькі гаварылі, як змянілася бібліятэка пасля рамонту, але ж варта падкрэсліць яшчэ раз, што ў нас змяніліся сама атмасфера і нават падыходы да работы з чытачом. І гэта ўсё ў сукупнасці дае свой плён: павялічылася колькасць наведвальнікаў, з абнаўленнем кніжных фондаў і ўвядзеннем новых форм дзейнасці мы набылі шмат новых сяброў.

Сучасная бібліятэка зрабілася цікавейшым сацыякультурным аб’ектам у горадзе, зараз – гэта месца адпачынку, інтэлектуальнага развіцця, мастацкіх выстаў і правядзення разнастайных канферэнцый, круглых сталоў, дыялогавых пляцовак і сустрэч з пісьменнікамі і проста цікавымі людзьмі горада.

 

І новы аўтобус

Нават не верыцца, што сёлета бібліятэка адзначыла юбілей – 120-годдзе з дня ўласнага заснавання. Менавіта ў 1904 годзе 29 жніўня па хадайніцтве Бярэзінскага таварыства ў падтрымку бедных яўрэяў рашэннем Мінскага губернатара атрыманы афіцыйны дазвол на ўтрыманне ў мястэчку Беразіно публічнай бібліятэкі і кабінета для чытання… З тае пары мяняліся эпохі, пакаленні, лёсы, а бібліятэка заставалася знакавым цэнтрам інтэлектуальнага развіцця і крыніцай ведаў для многіх бярэзінцаў.

Сквапнай мовай лічбаў: зараз на Бярэзіншчыне акрамя цэнтральнай ёсць яшчэ пяць сельскіх філіялаў бібліятэкі, якія абслугоўваюць больш за 6 тысяч чытачоў. Штогадова выконваюцца і перавыконваюцца паказчыкі наведванняў, якія кантралюе праграма «Культура Беларусі», у фондах сістэмы – дзясяткі тысяч кніг і больш за 50 найменняў падпісных выданняў. Асобны попыт – на кнігі беларускіх аўтараў.

Бібліятэка заўсёды падтрымліваецца раённымі і абласнымі ўладамі, зацікаўленымі ў культурным развіцці і нарошчванні інтэлектуальнага патэнцыялу Бярэзіншчыны.

Сёлета на 120-гадовы юбілей старшыня Бярэзінскага райвыканкама Андрэй Сакалоўскі з нагоды свята ўручыў установе сертыфікат на суму 1200 рублёў. Сродкі пайшлі на набыццё акустычнай сістэмы, у якую уваходзяць мікрафон, стойка для мікрафона і гукавая калонка. На тым прыемныя падарункі не скончыліся. Ва ўласнасць бібліятэкі паступіў новы аўтобус «Газель-Next» на 22 пасадачныя месцы.

– Для набыцця аўтобуса было выдзелена мэтавае фінансаванне Галоўным упраўленнем культуры Мінскага аблвыканкама сумесна з Бярэзінскім райвыканкамам, за што хочацца выказаць выключную падзяку кіраўнікам Бярэзінскага раёна і Мінскай вобласці, – пракаментавала Наталля Мікалаеўна. – Транспарт прызначаны для аказання бібліятэчных паслуг у аддаленых і маланаселеных пунктах Бярэзіншчыны. Будуць вызначаны маршруты, папярэдне іх плануецца чатыры. Раз на тыдзень па вызначаным маршруце будзе выязджаць спецыяліст з дастаўкай кніг і абменам тых, якія ўжо ўзялі. Досвед падобнай мабільнай бібліятэкі ў нас ужо маецца, летам выязджалі ў Журоўку, Лясковічы, Шавярнічы, Дзміт-равічы і іншыя вёскі. Асобная ўвага таксама ўдзяляецца дзецям, якія на летнія канікулы прыязджаюць да бабуль у вёску. Сёлета мы праводзілі для дзетак масавыя гульні і конкурсы ў Глухім Таку, наведваліся туды не толькі з кнігамі. Плануем завітваць сюды і надалей, а таксама зазірнём у Трасцянку, Паложына, іншыя куткі раёна. Праектаў у нас шмат, аўтобус якраз своечасова і да месца.

 

Пісьменнікі ў гасцях

Бібліятэка можа пахваліцца доўгім спісам ганаровых гасцей, мабыць не хопіць і газетнага артыкула, каб пералічыць усе імёны. На сустрэчах з чытачамі бывалі тут вядомыя ў краіне пісьменнікі – дырэктар выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч, Алена Брава, Вольга Рацэвіч, Галіна Пярун, Таццяна Каленік і іншыя. У свой час заглядвалі на агеньчык Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Раіса Баравікова, Уладзімір Ліпскі, а самым першым госцем клуба творчых сустрэч звыш дваццаць гадоў назад была Вольга Іпатава.

Працягваючы добрую традыцыю дыялогаў з чытачамі ў клубе творчых сустрэч, днямі пабывалі вядомыя беларускія творцы, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос і яго намеснік Рагнед Малахоўскі, якія сустрэліся з юнымі аматарамі літаратуры – вучнямі 10 класа сярэдняй школы №3.

Паважаныя майстры прозы і паэзіі расказалі пра сваю творчасць і жыццёвы шлях, прачыталі ўласныя вершы, падзяліліся творчымі задумкамі на бліжэйшую перспектыву, а таксама адказалі на шматлікія пытанні, як школьнікаў, так і работнікаў бібліятэкі.

Асабліва цікавымі падаліся адказы на пытанні «Як ваенны чалавек пачынае пісаць вершы?», зададзенае Леаніду Крываносу, і «Якія крыніцы ў вашай творчасці?» – Рагнеду Малахоўскаму. Наогул жа пытанняў да літаратараў было шмат. Прысутныя пачэрпнулі для сябе шмат карыснага. Тым больш, што прамоўцы распавялі таксама пра дзейнасць пісьменніцкай арганізацыі і запрасілі ўсіх, хто адчувае талент, узяцца за пяро.

Канешне, не абышлося без сувеніраў. Шаноўныя аўтары падарылі ўстанове і самым актыўным чытачам свае кнігі, пакінулі запісы ў кнізе ганаровых гасцей, а таксама перадалі бібліятэцы цікавую спадчыну – кнігі Анатолія Смалянкі. Сёлета споўнілася дзесяцігоддзе, як гэтага пісьменніка няма з намі, аднак вынікі яго творчасці яшчэ доўга будуць актуальнымі.

– Вынікі года цалкам здавальняючыя і аптымістычныя, – падводзіць рысу напрыканцы гутаркі Наталля Мікалаеўна. – Мы глядзім наперад з перспектывай далейшага развіцця і пашырэння кантактаў з чытачом. А для гэтага плануем і надалей праводзіць фестывалі, семінары, цікавыя сустрэчы і многае іншае. Быць упэўненым у нашай будучыні ёсць усе падставы, сярод якіх самая галоўная – любоў людзей да кніг і чытання, і сведчанне таму – запоўненыя фармуляры, і мы, якія заўсёды з вамі!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31