Прычанай таму стаў той факт, што ў час правядзення ў снежні мерапрыемства, прысвечанага падвядзенню вынікаў штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу, яна была адзначана граматай у ліку лепшых аператараў жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы сельскагаспадарчых і іншых арганізацый (іх філіялаў), якія забяспечылі на 1 кастрычніка справаздачнага года найвышэйшае сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе БРЖ па адпаведнай полаўзроставай групе пры забеспячэнні высокай захаванасці маладняку.
– Для мяне гэтая паездка стала вельмі нечаканай і хвалюючай падзеяй, – расказвае жанчына, – бо ў падобным прадстаўнічым мерапрыемстве я прымала ўдзел упершыню. І калі ўручылі грамату за подпісам старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына, было надта хвалююча і прыемна. Значыць, і мой працоўны ўклад заўважылі і так высока ацанілі.
А даглядае жывёлавод самых маленькіх цялятак – ад нараджэння да трох месяцаў. Такіх гадаванцаў у яе звычайна па 120-130 галоў. Пасля таго, як кожны кормнік дасягае вагі 70 і болей кілаграмаў, іх пераводзяць на МТК «Гара».
Патрэбнай кандыцыі цяляты ў руплівай гаспадыні дасягаюць хутка, бо ў яе стабільна высокія прыбаўленні ў вазе – не менш 700 грамаў у суткі. Праўда, яны, як прызнаецца жанчына, у многім залежаць ад прыплоду і могуць вагацца, бо маладняк з’яўляецца на свет вагой і 40, і 25 кілаграмаў і такім, найбольш кволым, патрабуюцца дадатковая ўвага і догляд. І яны атрымліваюць іх у поўнай меры.
У жывёлагадоўлі Марына Белабародая не навічок. Адлікам стажу работы ў галіне стала знакавая лічба: 01.01.2001 года. Сама родам з в. Пуцькава, там і рабіла першыя крокі ў прафесію. У паслужным спісе не толькі прафесія цялятніцы. Была таксама даяркай, загоншчыцай жывёлы. Але заўсёды яе вабілі менавіта цяляты. Таму калі на ферме Месціна аднаўляў работу прафілакторый для ўтрымання маладняку і дырэктар гаспадаркі Аляксандр Крук прапанаваў ёй перайсці сюды, адразу згадзілася. І ні разу аб гэтым не пашкадавала.
Руплівасці і энергіі кабеце хапае не толькі якасна ўпраўляцца на рабоце, а і весці дамашнюю гаспадарку. Раней, узгадвае яна, калі дзеці былі малымі, трымалі на падворку і парася, і карову. Зараз такая неабходнасць адпала – дзеці павырасталі, меншаму ўжо 14 гадоў споўнілася, старэйшы, па прыкладзе бацькі, стаў механізатарам і працуе разам з ім у СУП «Здравушка-агра». Дачка пераехала ў Жодзіна, працуе поварам. Але, нягледзячы на тое, што жыве ў іншым горадзе, абавязкова прыедзе да бацькоў, каб сустрэць Новы год і пабыць разам з вялікай і дружнай сям’ёй.
– Сустракаць свята ўсім разам для нас даўняя традыцыя, – расказвае Марына Белабародая. – Парушалася яны толькі калі старэйшыя сыны былі ў арміі. А зараз, у тым ліку і сёлета, за нашым сталом ізноў збяруцца ўсе нашы пяцёра дзетак і мы з мужам. Кожны раз гавару, што нічога гатаваць не буду, а пасля і на стале ўсё размясціць цяжка. На ім сярод іншых страў абавязкова будуць традыцыйныя «шуба» і «аліўе». Для нас, людзей старэйшага пакалення, гэтыя стравы – такая настальгія! Пасля сустрэчы Новага года моладзь звычайна выпраўляецца на танцы ў клуб. Можам і мы пастарэчы схадзіць. Але заседжвацца няма магчымасці, бо назаўтра з раніцы трэба ісці да сваіх цялятак, даглядаць іх.
З часам дзеці абзавядуцца ўласнымі сем’ямі і жыллём. Добрай падмогай у гэтым ім стане і кватэра ў Беразіно, якую бацькі пабудавалі за кошт дзяржаўных субсідый як мнагадзетная сям’я. Але ўсё роўна бацькоўскі дом у Сялібе будзе для іх самым верным і надзейным прычалам, поўным дзяцінства і матчынай пяшчоты.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.