Дзе падзеўся кран?..

Date 03.01.2025 Man
Comment 58
Дзе падзеўся кран?..

Марыяне – тры з паловай гады. Тата працуе вадзіцелем. Большую частку часу праводзіць у далёкіх камандзіроўках. Возіць будаўнічыя матэрыялы з адных гарадоў у другія. Калі ў таты выхадны дзень, ён стараецца правесці час з Марыянай. А вось сёння дзяўчынка засталася з дзядулем. Тату тэрмінова выклікалі на працу. І мама, у якой назбіралася нямала гаспадарчых клопатаў, папрасіла дзядулю пагуляць з дзяўчынкай.

Дзядуля Максім прапанаваў Марыяне спярша зазірнуць у кавярню. Унучка ахвотна пагадзілася. Бо ведала, што дзядуля дасць ёй паглядзець меню. І прапануе выбраць усё, што яна пажадае. А Марыяна замовіць жоўценькі кекс і апельсінавы сок. Так і здарылася. Яшчэ Марыяна паслухала музыку і прайшлася па ўсёй зале.

З кавярні дзед з унучкай пайшлі на дзіцячую пляцоўку. Дзетвары не было зусім. Мо таму, што субота, і ўсе раз’ехаліся па сваіх лецішчах, альбо рашылі наведацца да вясковых дзядуляў і бабуль. А мо і таму, што яшчэ раніца.

Дзядуля збіраўся пасадзіць унучку на арэлі, але Марыяна развярнулася ў другі бок. Пабегла да складзенай на вуглу пляцоўкі пліткі, блокаў і цэглы. Відаць, увесь гэты матэрыял рабочыя завезлі ў пятніцу і пакінулі для працы на наступны тыдзень. Мо запланавалі зрабіць цагляны казачны церамок? А мо што іншае прыдумалі? Цяжка па адных толькі кучах уявіць архітэктурную задумку домакіраўніцтва і разабрацца, якое ў выніку павінна быць збудаванне. З часткі цаглін і блокаў хтосьці ўжо паспеў выкласці пакручастую сцяжынку. Відаць, старэйшыя дзеці яшчэ вечарам такія прыдумкі ажыццявілі. Мо яны збіраліся далей і палац выкласці…

Дзядуля паспрабаваў расказаць Марыяне, што з цэглы, пліткі і блокаў праз некаторы час на пляцоўцы ўзвядуць прыгожы палац. Што такіх ці падобных палацаў шмат будавалі і раней, у даўнія часіны.

– Што такое палац? – адразу ж запыталася дзяўчынка, шукаючы подступы, каб узабрацца на цагляную кучу.

– Гэта такі прыгожы дом, у якім ладзяцца розныя святы, у якім гаспадары і іх госці танцуюць на балах… У палацах паказваюць спектаклі, гучыць музыка…

– А як можна дом-палац пабудаваць без крана?

Дзядуля Максім яшчэ шукаў адказ на пытанне, а Марыяна ўжо сама адказала:

– Нельга. Мне тата паказваў будоўлю. Там быў кран, - дзяўчынка зрабіла паўзу, пасля хуценька дадала, - там было цэлых тры краны. Яны будавалі адзін дом. А тут няма крана!

– Марыяна, але гэта будзе невысокі палац, таму кран і непатрэбны. Кран жа выкарыстоўваюць, каб падаваць матэрыялы на іншыя паверхі. Часам даволі высока…

– Не, дом тут не будзе. Хіба ў маленькім доме можна жыць нават дзецям? Смешны ты дзядуля! Прыедзе тата, мы адвядзём цябе на будоўлю і пакажам, які патрэбен кран, каб пабудаваць сапраўдны дом.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва “Беларусь”,

краязнаўца і літаратуразнаўца, аўтар шматлікіх краязнаўчых кніг і казак

Алесь Карлюкевіч

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Студзень 2025 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31