– Мы ж спознімся заўтра на аўтобус, які адвязе нас у Мірскі замак! – прывяла матуля апошні аргумент.
Марыяна адразу заўважыла:
– А дзядуля заедзе за намі і разбудзіць. Мы нікуды не спознімся. І разам паедзем у замак!
Гэтае падарожжа Марыяне, якая ўжо за свае тры з паловай годзікі пабывала і ў Нясвіжы і ў Гродна, наведала Брэсцкую крэпасць, даўно абяцалі. Нават альбом здымкаў пра Мір і Мірскі замак далі пагартаць.
– Не, Марыяна, паедзем без дзядулі. Ён зараз у бальніцы. Нечакана захварэў. Хаця і сам вельмі хацеў з намі паехаць.
Дзяўчынка насупілася. Адвярнулася да сцяны. На вачах з’явіліся слёзы. Мама дакранулася да плечука дзяўчынкі. Марыяна павярнулася і гучна, з крыўдай, сказала:
– Як ён мог! Ён жа абяцаў! І сам расказваў пра замак, што там вельмі цікава. Абяцаў купіць мне магніцікі пра Мірскі замак. Сказаў, што пасля экскурсіі павядзе нас у кавярню, дзе нас будуць частаваць рознымі стравамі. Тымі, якія елі князі з гэтага замка…
Мама не ведала, што і сказаць. Дзядуля і сам перажываў. Але ў бальніцу яго паклалі раптоўна. Стала дрэнна на працы. Забрала “хуткая дапамога”. Адразу ўрачы прынялі рашэнне аперыраваць, што і зрабілі. Аперацыя прайшла паспяхова. Але патрэбен немалы час для аднаўлення. Як усё гэта расказаць Марыяне, у якой на кожны сказ па тры-чатыры сваіх пытанні?..
– Ты згодна, што дзядуля нам патрэбны здаровы, моцны, каб яму нічога не балела! – толькі і сказала мама.
– А яму вельмі баліць? – запыталася Марыяна.
– Так, мая родненькая. Але ён вытрымае і ў наступную вандроўку мы паедзем разам. Мы ж яшчэ у іншых замках і іншых цікавых мясцінах не былі. Памятаеш, дзядуля расказваў яшчэ пра Лідскі замак…
– А дзядуля зможа размаўляць з намі па відэа? Мы пазвонім яму з экскурсіі, пакажам яму Мірскі замак?
– Чаму і не. Канешне, пазвонім. А яшчэ на наступным тыдні на занятках гуртка па маляванні ты намалюеш замак. І мы занясём малюнак дзядулю ў бальніцу. У яго палепшыцца настрой – і ён хутчэй вылечыцца.
– Не-а, я намалюю заўтра, як толькі мы вернемся з экскурсіі. І ў нядзелю мы занясём малюнак дзядулю ў бальніцу. Я так хачу, каб ён быў здаровы.
– Добра, дачушка, тады трэба засынаць, каб набрацца сіл і быць гатовым да цікавай вандроўкі.
Мама патушыла святло. Пажадала дачцэ добрай ночы і пайшла. А Марыяна яшчэ паспела падумаць, што зробіць два малюнкі пра Мірскі замак. Адзін яны аднясуць у бальніцу дзядулю. А другі Марыяна падорыць матулі, каб тая ніколі не хварэла.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва “Беларусь”,
краязнаўца і літаратуразнаўца, аўтар шматлікіх краязнаўчых кніг і казак
Алесь Карлюкевіч