Выбар прафесіі для абодвух быў закладзены яшчэ з дзяцінства. Віцябчанка Маргарыта вучылася ў школе, двор якой межаваў з кадэцкім вучылішчам сістэмы МНС, тут яна ведала кожны куток, бо часта прыходзіла на стадыён трэніравацца. А пасля заканчэння дзевяці класаў стала яго навучэнкай. Затым было і паспяховае завяршэнне Універсітэта грамадзянскай абароны МНС.
Яшчэ ў школе захапіўся пажарнай справай і Мікіта: апошнія два гады вучобы ён наведваў профільны клас, у якім давалі дадатковыя веды для паступлення ў навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць будучых выратавальнікаў. Далейшы лёс юнага барысаўчаніна прывёў яго ў Полацкі хіміка-тэхналагічны каледж, дзе ён набыў спецыяльнасць папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Сустрэліся маладыя выпадкова. І, як аказалася, на ўсё жыццё. Адбылася гэтая падзея ў Барысаве, дзе Маргарыта працавала пасля размеркавання, а Мікіта праходзіў практыку. Пасля таго, як Мікіту накіравалі на адпрацоўку ў Чэрвень, Маргарыта перабіраецца бліжэй да мужа – у Беразіно. І вось ужо са жніўня мінулага года абодва з’яўляюцца работнікамі Бярэзінскага РАНС.
– Нам у Беразіно вельмі падабаецца. Гэта ціхі, спакойны і дагледжаны горад. Ёсць дзе правесці вольны час, любімае месца – басейн, які часта наведваем. Часта бегаем утраіх (разам з яшчэ адным членам нашай сям’і – сабакам Грэем) уздоўж трасы і па беразе Бярэзіны. Пры жаданні можна без праблем дабрацца ў Мінск. Усё задавальняе. Нам далі службовую кватэру, з часам збіраемся пабудаваць свой дом і застацца тут назаўсёды.
Дарэчы, прабежкі і заняткі фізічнай культурай для Закрэўскіх – норма жыцця. Абодва – актыўныя спартсмены. Маргарыта аддае перавагу лёгкай атлетыцы, захапляецца конным спортам, Мікіта – футболу. Да таго ж ён – кандыдат у майстры спорту па альпінізме. Што ж, няхай найхутчэй становяцца Маргарыта і Мікіта не толькі прафесіяналамі справы выратавання людзей, а і карэннымі бярэзінцамі. Добрым людзям мы заўсёды рады.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.