45 гадоў у гармоніі. Гісторыя кахання ў сям’і Папруга

Date 18.07.2025 Man
Comment 935
45 гадоў у гармоніі. Гісторыя кахання ў сям’і Папруга

У Бярэзінскім раёне гарманіста Міхася Папругу ведаюць добра. Ён акампаніруе на многіх раённых святах. І выдатна разумее, як стварыць патрэбны настрой на мерапрыемстве. Міхась Аляксандравіч - чалавек з народа. Першае вяселле для аднавяскоўцаў «адыграў» у 17 гадоў. Пасля была служба ў арміі, праца інжынерам па забеспячэнні ў Бярэзінскай дарожна-будаўнічай арганізацыі. Але не забываў ён любімы музычны інструмент.

 

19 ліпеня Міхаіл Аляксандравіч з жонкай Ларысай Яўгенаўнай адзначаць саракапяцігоддзе сумеснага жыцця.

– Мы адыгралі вяселле ў дзень, калі распачалася Алімпіяда ў Маскве, – узгадвае жонка Міхася Ларыса Яўгенаўна. – Пасля заканчэння Аршанскага тэхнікума я працавала бухгалтарам на Бярэзінскім ільнозаводзе. Аднойчы, калі ехала на працу, убачыла ў аўтобусе Мішу. У маладосці ён быў падобны на акцёра Сяргея Іванова з фільма “В бой идут одни “старики”. Я падзялілася гэтай думкай са сваёй сяброўкай. І тая распавяла мне пра яго.

Пасля мы сустрэліся з Міхаілам на вечарыне ў Капланцах. Дзіўна, але гаваркі і вясёлы Міхась у маладосці быў сціплы і нерашучы. Таму я першая запрасіла яго на "белы танец". Мы пачалі сустракацца. А потым пажаніліся, тады яму было 24 гады, а мне – 21.

– Спачатку мы жылі ў маіх бацькоў у Капланцах, – уступае ў размову Міхась Папруга. – Я тры гады працаваў вадзіцелем у «Бярэзінскай сельгасхіміі».

Затым завочна скончыў Клічаўскі тэхнікум, і ў 1985 годзе стаў інжынерам па камплектацыі і забеспячэнні ў Бярэзінскім дарожна-рамонтным будаўнічым упраўленні.

– Пасля сямнаццаці гадоў работы дарожным інжынерам у 2001 годзе я паўдзельнічаў у конкурсе гарманістаў і частушачнікаў «Іграй, гармонь» у Маладзечне. І мне прапанавалі працаваць акампаніятарам у аддзеле культуры, адразу на 2,5 стаўкі.

Напрыканцы кожнага тыдня я аб'язджаў сельскія клубы ў Любушанах, Лешніцы і Каменным Барку. Пры кожным з іх было два калектывы – маладзёжны і для дарослых. На мерапрыемствы прыходзілі юнакі з дзяўчатамі, сем’і, пажылыя людзі. Яны спявалі і адпачывалі. Я быў рады, што магу стварыць для іх вясёлы настрой. Да таго ж, пачаў прафесійна граць на любімым музычным інструменце.

– Мой бацька быў выдатны гарманіст, – гаворыць Міхась Папруга. – А маці цудоўна спявала. Узгадваю, што калі бацька з'язджаў працаваць, я прасіў у мамы дастаць з куфэрка гармонік. Мама спявала "Цвітуць вербы". А я падбіраў мелодыю.

Справа ў тым, што ў мяне добры музычны слых. Памятаю, як «адыграў» першае вяселле ў 17 гадоў аднавяскоўцам Мікалаю і Раісе Шалай. Хваляваўся, але справіўся выдатна.

У арміі ў Ленінскім пакоі ў нас былі гітара, баян і гармонік. Нашы хлопцы звычайна пісалі там лісты дзяўчатам. А я рэпеціраваў разам з таварышам па службе Аляксандрам Шорнікавым, які скончыў музычную школу па класе баяна. Такім чынам, з арміі я прыйшоў выдатным гарманістам.

Пасля нараджэння нашых дзяцей прыйшлося граць на вяселлях зноў. За кожнае плацілі 30 рублёў. Да таго ж гасцінна кармілі. Гэта была цяжкая праца. Акампаніраваць прыходзілася з шасці вечара да гадзіны ночы. Сёння ў мяне ўсе рукі ў мазалях ад ігры на гармоніку.

Я рады, што мой сын Павел скончыў і Бярэзінскую дзіцячую музычную школу, і Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, а пасля і БДУКіМ. Зараз ён працуе акампаніятарам у Смалявічах.

А старэйшая дачка Вольга атрымала прафесію інжынера-праекціроўшчыка дарог. Яе сын Міхаіл вучыцца валодаць акардэонам у дзіцячай школе мастацтваў у Мачулішчах.

– У нас заўсёды была ўзаемапавага адно да аднаго, агульныя дзеці, якіх трэба было выхоўваць, – завяршае размову Ларыса Папруга. – Гэта і дапамагло зберагчы нашу сям’ю.

Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30