Лета скончылася. Але прыгажосць, якую стварылі людзі на сваім прысядзібным участку, застанецца яшчэ надоўга. Зараз у Багушэвічах адзін з самых прыгожых падворкаў – у сям'і Ефанчык.
Гаспадар дома Віктар Аляксандравіч распавядае, што для падтрымання парадку на ўчастку патрэбна адмысловая дысцыпліна – амаль як у арміі. Гэта ён добра разумее, бо з’яўляецца падпалкоўнікам запасу.
.jpg)
Нарадзіўся Віктар Ефанчык у Багушэвічах. Памятае, як яго старэйшы брат хадзіў на заняткі ў школу, пабудаваную ў вёсцы яшчэ за царскім часам.
І нават выконваў дамашняе заданне пры святле газніцы, пакуль у населены пункт не правялі электрасеткі. А са старэйшым братам сваёй будучай жонкі Валянціны Віктар быў аднакласнікам.
.jpg)
– Мне з малых гадоў карціла стаць афіцэрам, – гаворыць гаспадар дома. – Таму пасля 8 класа я паступіў у «Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча». А пасля яго заканчэння ў 1975 годзе, пачаў вучобу ў «Ташкенцкім вышэйшым агульнавайсковым камандным вучылішчы».
Калі ў майго набора быў выпуск, пачаўся афганскі канфлікт. І я мог пачаць службу менавіта там. Але ўсё ж значную частку нашага выпуску адправілі ў гарнізоны Прыморскага краю.
– За гэты час я скончыла політэхнічны тэхнікум і атрымала размеркаванне, – дадае Валянціна Ефанчык. – Аднойчы Віктар прыехаў пабачыцца са мной. А праз год мы ажаніліся, і неўзабаве я паехала з ім на Далёкі Усход.
Каб уявіць адлегласць, куды патрапілі нашы землякі, трэба ўсвядоміць, што толькі ў самалёце да Прымор'я трэба ляцець амаль дзевяць гадзін. А вайсковая часць, дзе знаходзілася маладая сям'я, была за 260 км ад Уладзівастока, і за 80 км ад Усурыйска, на самым памежжы з Кітаем.
– Я таксама служыла старэйшым прапаршчыкам, – працягвае Валянціна Станіславаўна. – Вядома, сумавала па Беларусі нашмат больш, чым Віктар. У гэтым маляўнічым краі ў нас нарадзілася дачка. Але пасля дзесяці гадоў службы мы перавяліся ў беларускую ваенную акругу.
.jpg)
У выніку сям'я выйшла ў адстаўку ў Барысаве. Пабудавалі тут кватэру. Але жыць усё роўна хацелася ў мілых сэрцу Багушэвічах.
– У 2017 годзе мы перавезлі ў аграгарадок зруб бацькоўскай хаты Валянціны, пачалі рамонт дома, – гаворыць Віктар Аляксандравіч. – І з таго часу мы клапоцімся пра прыгажосць тут. Самае галоўнае – для сябе, для душы. Бо нашы бацькі ўсё жыццё былі працавітымі людзьмі. Мая маці і пасля дзевяноста гадоў шчыравала на агародзе. Мы таксама рупімся на падворку, бо прызвычаіліся ўжо да парадку ў любых умовах за час выйсковай службы.
.jpg)
Мы зрабілі жывую агароджу вакол участка, у тым ліку за кошт прыгажунь-туй, – працягвае Віктар Аляксандравіч. – Таксама ў нас растуць ядловец, ракітнік, пурпурны пузыраплоднік, барбарыс, шаўкоўніца, гібіскус. Дагледжанае падвор’е радуе вока гаспадароў і гасцей.
З садовых дрэў – яблыні, вішні, слівы. Высокая груша. Ёсць невялічкае бульбяное поле. Парнік з памідорамі і перцамі. Стопка, дзе захоўваем наш ураджай.
– А яшчэ: бружмель, буякі, клубніцы, маліны, парэчкі, агрэст, – усміхаецца Валянціна Ефанчык. – І шмат кветак – півоні, спірэі, рададэндраны. І вядома ж – ружы!
.jpg)
Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.