– Мой першы працоўны дзень выдатна помніцца, нібыта быў учора, – пасміхаецца Ала Уладзіміраўна. – Мне было 18 гадоў, калі я ўладкавалася ў аддзяленне паштовай сувязі ў Новінах. Гэта быў 1981 год, жыццё тады было іншым, зразумела. Нарадзілася я ў Дамашках, скончыла Паплаўскую школу і так склалася, што вырашыла звязаць жыццё з поштай. Было цікава. Тады ў Паплавах было даволі вялікае аддзяленне сувязі, тагачасны начальнік аддзялення дапамог мне добра вывучыць тонкасці нашай работы. Я скончыла курсы для начальнікаў аддзяленняў і прыступіла да абавязкаў. Зараз прыемна гэта ўсё ўспомніць.
Раней выпісвалі шмат газет
Напрыканцы 80-х Алу Уладзіміраўну перавялі ў Беразіно. Тут яна сумленна працавала на страхавым участку, потым была аператарам, а ў 1991-92 гадах і начальнікам Бярэзінскага аддзялення паштовай сувязі.
– Той перыяд захапляльна ўспамінаць яшчэ і ў сувязі з тым, што не было інтэрнэту, а значыць і ніякіх сацыяльных сетак і месенджараў, і людзі ахвотна выпісвалі шмат газет і часопісаў. Тады мелася 21 тысяча індывідуальных падпісчыкаў па ўсёй Бярэзіншчыне. Акрамя раённай газеты, з тагачаснай назвай “Сцяг Леніна”, абавязкова выпісваліся цэнтральныя газеты “Правда”, “Труд”, “Известия”, былі надзвычай папулярнымі часопісы “Крестьянка”, “Работніца і Сялянка”. І гэта акрамя ведамасных спецыялізаваных выданняў, беларускіх газет “Советская Белоруссия”, “Знамя юности”, “Минская правда”, “Чырвоная змена”, а таксама выданняў для дзяцей і моладзі. А ў дадатак яшчэ людзі выпісвалі “для душы” літаратурныя газеты і часопісы, і выданні, прысвечаныя розным хобі і захапленням. Звычайная сям’я магла выпісваць 5-7 выданняў. Бярэзінцы ў тыя часы чыталі вельмі шмат. Дарэчы, на пошце можна было таксама выпісваць кнігі, і людзі з задавальненнем выкарыстоўвалі гэтую магчымасць, выпісвалі як літаратурную класіку, так і папулярныя масавыя выданні.
Жыццёвы дэвіз
Зараз Ала Картэль прымае раніцай дастаўку пошты, расфасоўвае газеты, раскладвае для паштальёнаў пісьмы.
– Калі ж браць індывідуальных падпісчыкаў, то адпаведна з маімі асабістымі назіраннямі, у трэндзе раённая прэса – “Бярэзінская панарама”, а таксама “Мінская праўда”, і яшчэ “Друг пенсионера”, – заўважае яна ў ходзе гутаркі.
Любімая работа заўсёды была даспадобы Але Уладзіміраўне. На пытанне, якой павінна быць беларуская жанчына, гераіня нашай рубрыкі сцвярджае:
– Не падаць духам ні пры якіх жыццёвых абставінах, гэта галоўнае. Быць нязломнай. Гэта не проста правіла, а жыццёвы дэвіз.
Да слова, уласна Ала Уладзіміраўна з’яўляецца прыкладам мужных паводзінаў і рашучай нязломнасці ў момант, калі нечакана надыходзяць тыя самыя “жыццёвыя абставіны”. Аднойчы здарылася бяда з сынам Паўлам, якая прывяла хлопца да інваліднасці. І як сапраўдная матуля, яна прыклала ўсе сілы і намаганні, каб дапамагчы сыну не страціць надзею на жыццё, не страціць веру, не зламацца, не згубіць сябе. Дарэчы, аб гэтым мы ўжо неаднойчы расказвалі на старонках раённага выдання. Паша зараз працуе кансультантам у вядомым магазіне “Пазітыў”, мае 14-гадовага сына Максіма, у вольны час захапляецца стварэннем вышытых карцін. Як засведчыла Ала Уладзіміраўна, сабралася ўжо цэлая калекцыя мастацкіх прац Пашы, кожная з якіх мае індывідуальнасць. Прадаць іх рука не падымаецца, бо ўсе яны сапраўднае ўпрыгожванне для дома і вельмі каштоўныя для яе.
– Вельмі прыемна, што сёлетні год аб’яўлены Прэзідэнтам як Год беларускай жанчыны, – гаворыць яна. – Жанчына гэта сімвал, прыгажосць, гэта дабрабыт у доме і многае іншае. Жанчыны і кароў дояць, і на міністэрскіх пасадах трымаюць планку, кіруюць рабочымі працэсамі ў належным рытме. І паўсюль, як ні паглядзі, нашы жанчыны вельмі шмат працуюць, часам не пакладаючы рук. З той нагоды пажадаю ўсім нашым жанчынам не губляць аптымізму і не падаць духам!
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.