Менавіта такой і з’яўляецца загадчыца склада ААТ “Брадзец” Марыя Клімовіч, якая працуе ў гаспадарцы з мая 1985 года. Пачынала яшчэ з працы на ферме буйной рагатай жывёлы, дзе вельмі хутка заўважылі спрыт і ўвішнасць Марыі Вільгельмаўны і назначылі кіраваць складам, чым яна плённа і займалася на працягу пяці гадоў.
Потым старанная працаўніца стала загадчыцай свінафермы. Зараз успамінае тыя часы, як можа падасца, нават з ноткай настальгічнага суму.
– Амаль дваццаць гадоў загадвала свінафермай, прыкладна з 1991-га па 2010-ы. Свіней у нас было шмат, быў час, калі налічвалася звыш 2 тысяч галоў, – расказвае Марыя Вільгельмаўна. – Але пакрысе статак змяншаўся, а потым эпідэмія свіной чумы пачалася, давялося ад фермы адмовіцца.
Дарэчы, сама яна мясцовая, нарадзілася ў Жаліна. І так склалася ў лёсе, што вырашыла звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. Жыццё – гэта няспынны рух, і пакуль працуеш – жыць цікава. А задач на дзень хапае, самая галоўная – своечасова выдаць муку і зерне на корм буйной рагатай жывёле.
Хоць мужа даўно ўжо няма, радуюць Марыю Вільгельмаўну дзеці і ўнукі. Дачка жыве ў Барысаве, сын у Мінску. Старэйшы ўнук скончыў універсітэт замежных моў і ў хуткім часе мабыць будзе прызваны на тэрміновую ваенную службу ў рады Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Малодшы ўнук толькі пайшоў у першы клас, а ўнучка яшчэ наведваецца ў дзіцячы садок. На лета ды на святы прыязджаюць да любімай мамы і бабулі, у якой заўсёды для дзетак прыпасены гасцінцы.
Увогуле ж можна зазначыць, што дзякуючы такім працаўніцам у многім і трымаецца лад і парадак у гаспадарцы – разам з усімі астатнімі працавітымі людзьмі яны жывуць дзеля сваёй справы і ўзбагачаюць наш край.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ,
фота з архіва Марыі КЛІМОВІЧ.