Раёнка нас яднае
2 лістапада — асаблівы дзень, напэўна, для ўсіх бярэзінцаў. Бо юбілей газеты — наша агульнае свята. Адзначаюць яго не толькі супрацоўнікі рэдакцыі, але і друкары, і работнікі пошты, і нашы няштатныя аўтары, і, безумоўна, усе тыя падпісчыкі, у чые дамы двойчы на тыдзень прыходзіць чарговы нумар “Бярэзінскай панарамы”. Прыемна, што менавіта ў Год народнага адзінства мы святкуем юбілей. Бо, пагадзіцеся, раённая газета — гэта тое, што яднае розныя пакаленні людзей.
11654 нумар
Сёння вы трымаеце ў руках 11654-ы нумар газеты. Зрабіць, выпусціць і данесці да чытачоў газету — каласальная праца. І кожны ўносіць свой уклад. Па сабе ведаю, журналістыка — гэта не проста праца, а лад жыцця. Гэтым патрэбна жыць, любіць сваю справу, аддаваць ёй часцінку сваёй душы. Тады ўсё атрымаецца!
90
Узрост паважаны і значны, але, нягледзячы на яго, “Бярэзінская панарама” працягвае развівацца.
За 90 гадоў выданне прайшло вялікі шлях. Мяняла назву, адбываліся змены ў абліччы газеты, перыядычнасці яе выхаду і колькасці старонак, тэматыцы публікацый і паліграфічным выкананні. Аднак заўсёды заставалася галоўнае прызначэнне газеты — служыць людзям, расказваць аб галоўных падзеях, пра працаўнікоў прадпрыемстваў, якія ўносяць уклад у развіццё раёна, вобласці і краіны, пра нашу моладзь, дзяцей, і г.д.
Дзякуй, калегі!
Сёння ў нашым калектыве 13 супрацоўнікаў. І гэта не толькі журналісты, якія рыхтуюць актуальную і важную інфармацыю, пішуць пра цікавых людзей і значныя падзеі — а яшчэ і тэхнічныя рэдактары, загадчык аддзела рэкламы, карэктар, галоўны бухгалтар і спецыяліст па рэкламе, вадзіцель і прыбіральшчыца. І без кожнага з іх газета не была б такой, якая яна ёсць. Без кожнага з іх асабіста я б не справілася.
Ветэраны — наша мудрасць
Наша багацце — ветэраны працы. Мы ім удзячны за прафесіяналізм, за тое, што яны заклалі фундамент газеты. За 90 гадоў змянілася шмат рэдактараў, журналістаў, супрацоўнікаў. Многіх з іх я не ведаю, але гартаючы газетныя падшыўкі, знаёмлюся з іх артыкуламі, у размовах з калегамі даведваюся аб самаадданай і плённай працы. Ужо ўвайшлі ў гісторыю Надзея Пантус, Гертруда Шчур, Павел Несцяровіч, Міхась Кулінковіч, Ірына Сайкоўская, Аляксандр Жукоўскі, Мікалай Навумаў, Клаўдзія Бацкель, Уладзімір Архіпец. Яны заўсёды застаюцца ў думках з намі, мы памятаем іх, спадзяюся, нашы чытачы таксама ведаюць гэтыя прозвішчы.
Я ўдзячна за ўклад у развіццё газеты майстру сваёй справы Але Альфер, няўрымсліваму Івану Труханаўцу, энергічнай Ліліі Кацегавай, непаседлівай Крысціне Бахметавай, запальчывай Дар’і Садоўнікавай, уважлівай і дысцыплінаванай Вользе Данэйка, творчай Ніне Федаровіч, разважлівай Валянціне Піскун, багатаму на творчыя знаходкі Уладзіміру Несцяровічу, дапытліваму Паўлу Салаўёву, скрупулёзнай Алене Мурач і ўсім, хто працаваў у рэдакцыі.
Няштатныя аўтары
Рэдакцыя ўдзячна і нашым пазаштатным аўтарам, якія сваімі допісамі і матэрыяламі робяць змест газеты больш насычаным і яскравым. А гэта добра вядомыя нашым чытачым Ігар Жукоўскі, Тамара Круталевіч, Ніна Бурко, Наталля Маеўская…
Шчырыя словы падзякі нашым партнёрам Мы — выпускаем газету. А яе друкуюць у “Барысаўскай узбуйненай друкарні імя Першага мая”. Дастаўляюць і распаўсюджваюць наша выданне работнікі пошты. Сёння рэдакцыя знаходзіцца ў будынку пошты. І паміж намі ўсталяваліся не толькі надзейныя партнёрскія, але і чыста сяброўскія сувязі і ўзаемаадносіны. Мы паважаем працу паштальёнаў, ведаем наколькі яна няпростая і адказная.
Шчыры дзякуй вам за супраўніцтва!
Цесныя партнёрскія сувязі наладзіліся паміж рэдакцыяй і многімі арганізацыямі і ўстановамі раёна. У ліку пастаянных аўтараў публікацый раёнкі — супрацоўнікі органаў унутраных спраў і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сістэмы аховы здароўя і работнікі юрыдычных службаў, інспекцыі па ахове расліннага і жывёльнага свету і энерганагляду… Мы заўсёды выступаем за творчае супрацоўніцтва і рады, калі ў нас з’яўляецца новы аўтар або цікавая тэма. Выйграе ад гэтага перш за ўсё чытач, на рэалізацыю патрэб якога і накіравана дзейнасць журналістаў.
Афіцыйна заснавальнікам нашай газеты з’яўляецца Бярэзінскі раённы выканаўчы камітэт. На самой жа справе яго работнікі і кіраўніцтва — таксама нашы надзейныя партнёры і аўтары, якія праз раённую газету даносяць людзям усю патрэбную інфармацыю і пры гэтым не замоўчваюць існуючыя праблемы, вядуць з бярэзінцамі адкрыты дыялог, адлюстроўваюць дзейнасць у рэгіёне прэзідэнцкай вертыкалі. Паважлівыя адносіны да журналістаў і работнікаў рэдакцыі з боку нашых заснавальнікаў, іх зацікаўленасць у выніках нашай працы заўсёды прыносіла толькі плён.
Ала Альфер і Анатоль Палынскі
Як хутка ляціць час! Пішу гэты матэрыял і згадваю, як я ўпершыню прыехала ў Беразіно. Малады спецыяліст у невядомым горадзе. Складана. Але мяне падтрымлівалі калегі. Мае настаўнікі ў журналістыцы — Ала Альфер і Анатоль Палынскі. Шчыры дзякуй за каласальны вопыт. Я асобна ўдзячна Але Уладзіміраўне за тое, што яна ўзяла мяне на працу, дала шанц праявіць сябе.
Прыехала на Бярэзіншчыну на адпрацоўку маладым спецыялістам пасля заканчэння Інтытута журналістыкі. Тады мне здавалася, што я на Бярэзіншчыне застануся ненадоўга, максімум — на год. Ішоў час, мінула некалькі гадоў. Але я так палюбіла сваю працу, калектыў, людзей, з якімі я супрацоўнічала, пра якіх пісала, што мне не захацелася мяняць месца працы…
Сацыяльныя сеткі, Tik Tok, сайт
Праляцела 5 гадоў, і воляй лёсу я стала галоўным рэдактарам. Гэта адказная пасада. Цяжка спраўляцца з пастаўленымі задачамі, быць і журналістам, і рэдактарам. Але, дзякуючы падтрымцы калег, кіраўніцтва раёна, нашых партнёраў, чытачоў, мне здаецца, мы зможам зрабіць нашу газету яшчэ больш ціквай і запатрабаванай. Зараз актыўна развіваем сайт, напаўняем яго карыснай інфрмацыяй, робім невялікія відэа. Размяшчаем аператыўна інфармацыю і ў сацыяльных сетках, тэлеграм-канале раёна “Berezino News”. Мы ідзём у нагу з часам, таму нядаўна з’явіўся ў газеты і Tik Tok…
Планы
Сёння працаваць у журналістыцы няпроста. Новы час — новыя задачы.
Галоўнае — не стаяць на месцы, развівацца: радаваць чытачоў “жывымі” артыкуламі, дапамагаць вырашаць праблемы (для гэтага ў нас працуе “гарачая” лінія 5-52-91), пісаць аналітычныя матэрыялы, якія б прымушалі задумацца, расказваць пра цікавых людзей раёна, на сайце — даваць больш забаўляльных артыкулаў, шмат фота і відэа. Але гэта мы можам зрабіць толькі разам з вамі. Мы запрашаем вас, паважаныя бярэзінцы, баць нашымі пастаяннымі падпісчыкамі, памочнікамі і дарадцамі, разам з намі пісаць гісторыю роднага краю!
Пішыце, тэлефануйце і прыходзьце ў рэдакцыю! Разам зробім нашу газету цікавай, непаўторнай і асаблівай!
З юбілеем, паважаныя сябры!
Юлія БУКЕЛЬ.
Фотакалаж Алены ГРОМАВАЙ.