Ратавальнікі наведалі жыхароў вёсак Капланцы, Каменны Барок, Брадзец, Гарэнічы, Вязькуцін, Усход. Поплеч з ратавальнікамі працавалі работнікі сельсаветаў, медыкі, міліцыянеры, педагогі. Не апошняе месца ў спісе зацікаўленых займаюць і карэспандэнты раённага выдання “Бярэзінская панарама”. Яны чуйна адгукваюцца на запрашэнні ратавальнікаў паўдзельнічаць у рэйдах, па выніках якіх рыхтуюць падрабязныя артыкулы.
Мэта рэйдаў – нагадаць людзям, да чаго вядзе нядбайнасць пры абыходжанні з агнем, дапамагчы не толькі словам, але і справай. А ад некаторых – дабіцца неадкладна выправіць недахопы пажарнага кшталту. Замяніць батарэйку ў апавяшчальніку, напрыклад. Ці надзейна прыбіць да полу металічны ліст ля топкі печы.
Выкінуць з кацельнай недакуркі, зафіксаваць на сцяне электрычную праводку. Нядорага? Так. Хутка? Несумненна. А чаму дагэтуль не зрабілі? Адказ празаічны: рукі не даходзілі… У полі нашага зроку – сем’і з дзецьмі, адзінокія старыя і інваліды. Турбуем і тых, хто даўно і моцна сябруе са спіртным. Па выніках рэйдаў рыхтуюцца пісьмы службам узаемадзеяння з мэтай аказання дапамогі асобным сем’ям у прывядзенні іх жылля ў належны проціпажарны стан.