Рэцэпт ад Васільевіча

Date 07.03.2023 Man
Comment 273
Рэцэпт ад Васільевіча

Хоць і кажуць часам, што месца жанчыны на кухні, але ж чаму тады лепшыя повары – мужчыны? Так, жартліва гучыць дадзенае пытанне, аднак на жаночае свята мы вырашылі спытацца рэцэпт блюда хуткага гатавання ў каго з годных мужчын нашага горада.

Івана Цэдрыка, які працуе начальнікам службы аховы ў гандлёвым цэнтры “Трыа” ведаюць калі не ўсе, то многія бярэзінцы. Мы пісалі ўжо не аднойчы пра шыкоўны сад сям’і Цэдрыкаў і пра ўсю іх добрую сям’ю. Каханы муж, узорны бацька і дзядуля, дбайны гаспадар і выдатны работнік – у дачыненні да Івана Васільевіча можна падабраць шмат эпітэтаў, і ўсе яны будуць праўдзівымі. Мы звярнулі да яго падзяліцца сакрэтамі хатняй кухні, каб бярэзінскія мужчыны маглі парадаваць жонак і проста любімых жанчын не толькі 8 сакавіка, але і ў іншы дзень.

- На самой справе ў нас дома гатуе заўсёды каханая жоначка Наташа, - усміхаецца герой матэрыяла. – Яна ў гэтай справе ў сям’і самы лепшы майстар. Аднак я пераняў ад яе рэцэпт вельмі хуткага і смачнага блюда, якое лёгкае ў прыгатаванні, утрымлівае дастаткова калорый і карыснае для здароўя. Карацей…

Бярэм чатыры-пяць сталовых лыжак звычайнай аўсянкі, якая прадаецца ў картонных пачках. Убіваем туды курынае яйка, пры жаданні можна нават два. Добра ўсё перамешваем. Затым для мяккасці дадаем крышачку малака, і таксама перамешваем. Тут яшчэ важна адсачыць квінтэсэнцыю атрыманага цеста. Каб яно было дастаткова густым, і ні ў якім выпадку не расплывалася. Далей разаграваем патэльню, дадаем крыху алею і выкладваем цеста па патэльні. За полымем канфоркі варта сачыць, каб ежа не прыгарэла. Хвілін пяць падсмажваем атрыманы блін, каб атрымалася залацістая скарынка, потым пераварочваем. Зверху выкладаем пласцінкі сыру. Хаця тут ужо можна вар’іраваць, спачатку сыр не класці і даць волю фантазіі. Пакласці на атрыманы аўсяны блін ветчыну, салямі, ці яшчэ што-небудзь мясное, а сыр нацерці і пасыпаць зверху, або напластаваць нажом і пакласці наверх. Затым накрыць накрыўкай і на малым агні трымаць прыкладна пяць хвілін. За той час сыр растопіцца і пакрые паверхню. Усё, ежа гатовая. Можна выкласці з патэльні ў талерку, пачакаць каб крыху астыла і ўжываць. Атрымліваецца вельмі сытна. Да таго ж, гэта не выпечка, мука не ўжываецца ў рэцэпце, дужа не патлусцееш ад такога наедку, а вось раніцай паснедаць такім аўсяным блінам – хопіць да абеду дакладна.

Вось такі цівавы рэцэпт ад нашага пастаяннага падпішчыка. Варта дадаць, што асобныя супрацоўнікі рэдакцыі паспрабавалі так прыгатаваць, і ведаеце што? Спадабалася!



Пра рэцэпт распытваў Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER