І дзеці радуюць!

Date 18.10.2024 Man
Comment 15
І дзеці радуюць!

Старшына групы тылавога забеспячэння Бярэзінскага РАУС Аляксандр Алейнікаў працуе на сваёй пасадзе адносна нядаўна. Дагэтуль быў 14 з паловай гадоў вядучым спецыялістам адміністратыўна-гаспадарчай службы ў Беларусбанку. Многім у Беразіно ён вядомы ўласнай працавітасцю і здольнасцю адрамантаваць, здаецца, усё, што заўгодна.

А яшчэ Аляксандр – бацька траіх дзяцей. Старэйшай Вікторыі – 27 гадоў, маладзейшым Аляксандру і Івану – па 25.

Сыны заканчваюць БНТУ, для бацькі яны – асаблівы гонар. Адзін – на дзённай форме навучання, другі – на завочнай. Завочнік працуе ў Нясвіжы на заводзе дзіцячага харчавання – слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў 6 разраду. Ён добры майстра ў сваёй справе, кіраўніцтва завода ўжо прапануе пасля заканчэння вучобы заняць пасаду галоўнага інжынера.

Бацька навучаў дзяцей з маленства ўсім уменням, якія робяць гонар любому мужчыну.

– Перадаў, што ўмею сам, – гаворыць Аляксандр Алейнікаў. – І водаправодны кран памяняць, і парамантаваць дзверы, і шланг замяніць у пральнай машыне, і замок урэзаць дзе трэба, і лямпачку замяніць, і цвік убіць.

Варта зазначыць, што ў гэтым плане жонка Аляксандра, бадай, самая шчаслівая жанчына, бо далёка не кожны муж здольны рабіць усё пералічанае. Да слова, жонка Вольга Уладзіміраўна працуе швачкай 6 разраду ў КБА.

Заўважым, Аляксандр не толькі шчаслівы тата, але ўжо і дзядуля. У сям’і дачкі Вікторыі нарадзілася ўнучка Даша. Дзяўчынцы ўжо чатыры гадкі. Сама ж Вікторыя – фельчар-акушэр. Адпрацавала два гады ў Бярэзінскай ЦРБ, потым выйшла замуж і пераехала ў Мінск, жывуць з мужам-урачом у Бараўлянах.

Па словах Аляксандра, з зяцем Уладзіславам пашанцавала – той самы выпадак, калі пра чалавека кажуць, што ён «рукасты»: у кватэры самастойна рамонт зрабіў, шкафы-купэ майстраваў, сантэхніку ўстанаўліваў, плітку клаў – усё ўласнымі рукамі. Прытым настолькі якасна, што ў цесця і пытанняў не ўзнікла – за даччын дабрабыт можна не хвалявацца.

Дзень маці ў сям’і Алейнікаў адсвяткавалі як мае быць. Дзеці заказалі шыкоўны букет кветак з дастаўкай матулі на работу, Вольга Уладзімі-раўна была ў захапленні. Можна быць упэўненымі, дзень бацькі таксама тут адзначаць з такім жа імпэтам.

– Хачу ўсім пажадаць жыць так, як мы з жонкай. Хутка ўжо 30 гадоў, як мы разам, – падводзіць вынік напрыканцы Аляксандр. – Я ажаніўся ў 21 год, калі вярнуўся з арміі. Разам з Вольгай мы вырасцілі добрых дзетак, сапраўдных патрыётаў, поўных любові да бацькоў і Радзімы.

– Напярэдадні дня бацькі пажадаю ўсім бацькам быць шчаслівымі, каб у кожнага было дзіця, якое б радавала, якім можна ганарыцца. Без дзяцей і сэнсу жыцця няма.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER