Калі ажываюць лялькі

Date 14.02.2022 Man
Comment 695
Калі ажываюць лялькі

У невялікім кабінеце дзіцячага ўзорнага тэатра лялек “Сюрпрыз” Бярэзінскага РЦК, у якім абмяркоўваюць творчыя планы рэжысёр Таццяна Верамейчык і мастак-пастаноўшчык Ірына Цюхай, утульна і цёпла.

Прычым цеплыня ў большай ступені абумоўлена творчай атмасферай, якую ствараюць гаспадыні пакоя. На сцяне ледзь хапае месца дыпломам, вакол поўна лялек, на падлозе стаіць вялікі куфэрак, да якога больш пасуе прыметнік “чароўны”.

Творчае жыццё

Творчае жыццё ўзорнага лялечнага тэатра бурнае і насычанае. Калектыў часцяком ставіць спектаклі ў дзіцячых садках і школах, у самім РЦК на святочных мерапрыемствах, таксама даводзіцца шмат выступаць на раёне. Запрашаюць і ў іншыя
гарады Беларусі.

Самае апошняе буйное дасягненне – летась прывезлі з Любані, дзе адбываўся ХІІІ абласны фестываль дзіцячай творчасці “Чароўны куфэрак”, дыплом 1-й ступені.

— Гэты фестываль як наша “Бярэзінская рампа”, толькі для дзетак, — тлумачыць Таццяна Іванаўна.

Узнагарода вельмі значная. Дарэчы, узорны лялечны тэатр і раней бываў на фестывалях у Любані, прывозілі адтуль дыпломы за лепшую сцэнаграфію, за ўвасабленне сучаснай драматургіі, іншае.

Працуе Таццяна Верамейчык у раённым цэнтры культуры з 1986 года, пасля заканчэння факультэта тэатральнай рэжысуры інстытута культуры ў Мінску. Навучае дзетак акцёрскаму майстэрству, і нават чамусьці большаму – адчуванню мастацтва.

— З дзецьмі працаваць цікава, а яны ў нашым тэатры самыя розныя. Ёсць і са шматдзетных сем’яў, і тыя, хто знаходзіцца на розных відах уліку. Мая задача – даць кожнаму магчымасць адчуць сябе акцёрам.

Аднак існаванне дзіцячага лялечнага тэатра гэта не толькі работа рэжысёра, але яшчэ і мастака-пастаноўшчыка Ірыны
Цюхай, якая займаецца афармленнем сцэн, стварэннем дэкарацый і шыццём лялек. І праца ў тандэме з ёю дазваляе рэалізоўвацца рэжысёрскім задумкам.

Гуляць у казку

Асноўны касцяк юных акцёраў складае 8-10 чалавек. На меркаванне рэжысёра, каб быць акцёрам, трэба мець талент, а не толькі адно жаданне. Надараецца, прыходзіць дзіця восенню ў тэатр, а да Новага года з яго ўжо “злепіцца” спраўны акцёр. Бывае і наадварот, дзіця на працягу доўгага часу наведваецца, стараецца, але чагосьці не хапае яму, каб авалодаць майстэрствам. Але нікога не адпраўляюць з тэатра. Да кожнага хлопчыка і дзяўчынкі – асабісты падыход.

Лялькі ўсе простыя тут – на пальчатцы. Аднак, каб лялька ажыла, недастаткова круціць рукамі і варушыць пальцамі, важна яшчэ прапускаць тэкст персанажа праз эмоцыі, пачуцці, тады лялька ажывае. Важна прывучаць дзетак да цудоўнага свету мастацтва, каб у тэатры яны адпачывалі і нічога не рабілі прымусам, “з-пад палкі”.

— Чым гуляць у папулярныя сёння ў інтэрнэце самалёты і танкі, няхай лепш гуляюць у тэатр і казку, — сцвярджаюць
Т. Верамейчык і І. Цюхай.

— У нас быў вельмі таленавіты артыст, здольны вучань, Андрэй Аўчарэнка, які займаўся ў тэатры з 4 класа і прыходзіў на рэпетыцыі, ездзіў з намі на выступленні на ўсе святы, на фестывалі. Пакуль не вырас і не ажаніўся, наведваўся на заняткі тэатра, — успамінае Таццяна Іванаўна. – Унікальны выпадак, чалавек літаральна жыў лялечным тэатрам.

Лялечны майстар

— Без Ірыны Аляксандраўны я нібы без рук, — прызнаецца Таццяна Іванаўна. – Супрацоўнічаем разам не адно дзесяцігоддзе ўжо. Для кожнага новага спектакля патрабуюцца новыя лялькі, і яна сядзіць гадзінамі, нават суткамі, корпаецца з імі, вырабляе з пап’е-машэ, і наогул з любога матэрыялу.

Ірына Цюхай па адукацыі мастак, скончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча. Лялек для тэатра зрабіла безліч, далёка не адну тысячу. Вось дзе сапраўдны талент і ўседлівасць. Асаблівае месца ў калекцыі займаюць лялькі з саломы. Праўда, яны з тых часоў, калі вяла гурток саломапляцення. І гэтыя саламяныя лялькі, калі разабрацца, варта паказваць на выставах і захоўваць у музеях.

— Стараюся не выкідваць старыя рэчы, усім ім можна даць жыццё ў дзіцячым тэатры: або скарыстаць як матэрыял для лялькі, або дэкарацыі аформіць, — раскрывае сакрэт Ірына Аляксандраўна.

Аднойчы нават зрабіла ляльку ў чалавечы рост і выходзіла з ёю на 8 Сакавіка на сцэну з асобным нумарам.

Рэпертуар

У рэпертуары лялечнага тэатра асобнае месца займаюць творы дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка, які нават аднойчы прыязджаў на пацвярджэнне звання “узорны”. Уважліва паглядзеў пастаноўку, і, як аўтар, застаўся вельмі задаволены, бо адна справа напісаць п’есу, іншая – убачыць яе ў дзеянні.

У асноўным жа падбіраюцца творы са зборнікаў дзіцячых п’ес. У рэпертуары ёсць спектаклі па п’есах Х. Мянда, Б. Юнгера, С. Казлова.

Важны момант: бачанне рэжысёра не заўсёды супадае з аўтарскім. Бо аўтары пішуць і не ведаюць, як лялька будзе выглядаць на сцэне, тут ужо даводзіцца штосьці адаптаваць і карэкціраваць.

Часам п’есы піша і сама Таццяна Верамейчык. Напрыклад, “Велікодны Калабок” да праваслаўнага фестывалю “Свет Пасхальной радости”. Менавіта за гэтую пастаноўку тэатр быў адзначаны падзякамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і Благачыннага Бярэзінскай царкоўнай акругі Ільі Ганчарука.

А для “Дажынак-2019” у Любушанах быў “Калабок Дажыначны”. Таксама ў рамках супрацоўніцтва з РОЧС на-пісала п’есу “Злая запалка”.

Творчыя планы

— У творчых планах — ездзіць і далей з выступамі па раёне, у іншыя гарады, — дзеляцца рэжысёр і мастак-пастаноўшчык. — Мяркуем да наступнага Новага года зрабіць новы спектакль для самых маленькіх гледачоў “Навагодняя казка” па п’есе Георгія Марчука.

Закончыць жа матэрыял хочацца вершаванымі радкамі Таццяны Верамейчык, якія раскрываюць сутнасць лялечнага тэатра:

Артыст на сцэне – лялькавод,

Глядач у зале – вы, народ,

На шырме ладзім казкі, байкі.

Што за тэатр? Тэатр лялькі!

Ператвараецца рука

і ў зайца, і ў ваўка.

Каб яна артысткай стала,

Трэба вельмі-вельмі мала,

Спецыяльныя пальчаткі,

здольнасці –

І ўсё ў парадку!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER