На бібліятэчных паліцах

Date 08.12.2023 Man
Comment 610
На бібліятэчных паліцах

Працягваем традыцыйныя агляды кніг, якія можна знайсці ў раённай бібліятэцы.

Тым больш наперадзе выхадныя і іх варта заняць чымсьці карысным і захапляльным. І на гэты раз у нашай рубрыцы кнігі серыі “Сучасная беларуская літаратура”. Серыя з’яўляецца сумесным літаратурным праектам Саюза пісьменнікаў Беларусі і выдавецтва “Аверсэв”.

 

 

ДАРАВАННЕ

Пачынаючы выданне серыі кніг “Сучасная беларуская літаратура”, выдавецтва “Аверсэв” робіць важную справу: прапаноўвае чытачу найлепшае, што створана ў наш час у беларускай мастацкай літаратуры. Першая кніга прысвечана сучаснай апповесці. Творы Алены Брава, Алега Ждана, Анатоля Бензерука, Алеся Бадака, Андрэя Федарэнкі вельмі розныя, але яны аднолькава прыцягальныя, іх хочацца чытаць. Абавязкова запомняцца чытачу героі, персанажы прапанаваных твораў. Да таго ж, імёны пісьменнікаў на слыху ў аматараў літаратуры. Аповесці можна было прачытаць раней у іншых выданнях, і зараз лепшыя творы сучаснасці, дзякуючы стваральнікам серыі, можна ўбачыць пад адной вокладкай.

 

РАЗМОВА З ЛЮСТЭРКАМ

Чым адрозніваюцца навелы і апавяданні, напісаныя жанчынамі, ад твораў, народжаных свядомасцю мужчын? І ці так ужо яны адрозніваюцца? Каб разабрацца ў гэтым пытанні, разгарніце зборнік сучаснай жаночай прозы Беларусі. Упэўнены, што вы самі знойдзеце адказ. Веру і ў іншае: творчасць аўтараў, якіх адкрые для вас гэтая кніга, зацікавіць надоўга. Відавочнай з’яўляецца вялікая ўвага пісьменніц да паўсядзённага, усім нам зразумелага жыцця. Падрабязна апісваючы рэчаіснасць, аўтары прымушаюць чытача шмат пра што задумацца.

У ліку аўтараў, прадстаўленых у кнізе, таксама вядомыя ў Беларусі пісьменніцы Алена Брава, Ніна Рыбік і іншыя. Кожны твор цікавы ў сваім рэчышчы і выклікае ў чытача шмат добрых пачуццяў.

 

ІНСТРУКЦЫЯ ПА СПАКУШЭННІ ЗАМУЖНІХ ЖАНЧЫН

У апавяданнях сучасных пісьменнікаў прысутнічае жаданне спасцінуць сутнасць чалавека. Кожны з твораў – індывідуальны мастацкі позірк на прыроду самога жыцця. Ва ўсіх яно рознае, непрадказальнае, часам неўтаймавальнае. Але ў галоўным, сутнасным, яно аднолькавае для ўсіх нас. Не гледзячы на правакацыйную назву зборніка, творы ў ім поўныя прыстойнасці і сведчаць пра далучнасць аўтараў да класічных маральных прынцыпаў. У сваіх апавяданнях яны намагаюцца адлюстраваць сучасны стан грамадства і яго каштоўнасцей. Часам гэта перадаецца праз шок, часам пра апісанне звычайных пачуццяў. Аднак у любым выпадку чытаць цікава і захапляльна, а месцамі нават і павучальна. Варта меркаваць, прабаўлены за кнігай час не будзе змарнаваны дарэмна.

Агляд зрабіў Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER