Шчыра і сардэчна прайшоў фестываль песні і паэзіі

Date 17.06.2024 Man
Comment 421
Шчыра і сардэчна прайшоў фестываль песні і паэзіі

Два дні, у пятніцу і суботу, Маладзечна вітала гасцей з усёй краіны на фестываль песні і паэзіі “Маладзечна-2024”.

Прапанауем вам, паважаныя чытачы, акунуцца ў атмасферу свята!

Фестываль — найбольш значнае і чаканае мерапрыемства ў культурным жыцці не толькі рэгіёна, але і ўсёй Беларусі. Праект імкнецца захаваць і развіць культурныя традыцыі беларусаў, аб’яднаць творчыя сілы. Тут збіраюцца таленавітыя паэты, выканаўцы, кампазітары, мастакі. На фестывалі запальваюцца новыя зоркі на беларускім творчым небасхіле.

 

Маладзечна вітае сяброў

У пятніцу ў Летнім амфітэатры адбылося ўрачыстае адкрыццё XXIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2024».

Адкрылі ўрачыстасць міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч і намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Ільясевіч.

«23-і год мы збіраемся разам на гэтай гасціннай маладзечанскай зямлі, вітаем сяброў, каб убачыць свае добрыя напрацоўкі, паказаць нашу творчасць, нашу „беларускасць“, нашу гісторыю, спадчыну», — гаварыў міністр, размаўляючы з журналістамі да адкрыцця мерапрыемства.

Анатоль Маркевіч зазначыў, што маладзечанская зямля збірае вядомых артыстаў, паэтаў, пісьменнікаў, кампазітараў. Больш за тое, фестываль у Маладзечне можа перарасці ў міжнародны. У гэтым годзе яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі дзевяці рэгіёнаў Расіі.
Запамінальным было і закрыццё фестывалю. Па традыцыі распачалося яно з ўзнагароджання пераможцаў конкурсу сярод маладых вы-канаўцаў. Прыемна, што гран-пры – у прадстаўніцы Мінскай вобласці Веранікі Высоцкай.

 

Гасцінна віталі бярэзінцы

Фестываль наведала не толькі дэлегацыя нашых землякоў, якія сталі гледачамі канцэртнай святочнай праграмы, як у першы дзень свята, так і ў другі. Бярэзінскія майстры, творцы актыўна паўдзельнічалі ў рабоце “Горада майстроў”. Яны прыцягвалі ўвагу маладзечанцаў і гасцей горада на працягу ўсяго фестывалю.

Штогод сярод удзельнікаў фестывалю прадстаўнікі нашага раёна, якія збіраюць вакол сябе нямала гасцей гэтага прэстыжнага фэсту. Гэты год не стаў выключэннем.

Прыемна, што нямала жадаючых было павучыцца народным рамёствам, у тым ліку такой няпростай справе, як разьба па дрэве. Яўген Восіпаў гасцей горада здзіўляў сваімі вырабамі, запрашаў прыняць удзел у майстар-класе. Вабіў вока гасцей і наш імправізаваны падворак. Ён ні хвіліны не пуставаў.

– Спадзяюся, што яшчэ неаднойчы мы вернемся на фестываль, які за два дзесяцігоддзі стаў сімвалам нашай беларускай культуры, - адзначыла дырэктар Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў Іна Хвашчэўская. - У гэтым годзе, як і заўсёды, тут было душэўна і гасцінна. Ды і народныя рамёствы запатрабаваны, што прыемна радуе і дае новыя сілы для далейшай працы.

У першы дзень фестывалю ўзнімалі настрой гасцям народны сямейны гульнёва-абрадавы гурт "Радзiна" і ўзорны фальклорны дзіцячы гурт "Валошкі" Новінскага СДК.

У суботу госці фестывалю танцавалі, спявалі разам з нашым знакамітым гарманістам Міхаілам Папругам і танцавальным калектывам “Маргарыткі”.

Кожны куточак Міншчыны наладзіў свой ўнікальны падворак. Нельга было прайсці і кроку, каб не падзівіцца, як шмат у нас таленавітых людзей.

 

Чым здзівіла Маладзечна?

Упэўнена, кожны, хто пабываў на фестывалі, атрымаў ад яго толькі станоўчыя эмоцыі. Асабіста я была на фестывалі ўжо трэці раз. Горад Маладзечна ператварыўся ў вясёлы кірмаш, які сабраў музычныя калектывы і народных майстроў з усіх куткоў Беларусі. Праходзілі выставы і майстар-класы, канцэрты. Прычым яны былі разлічаны на людзей розных густаў і ўзростаў. На фестывалі я ўбачыла зусім маладых таленавітых выканаўцаў, паэтаў, музыкантаў, кампазітараў, майстроў, што прыцягвалі ўвагу вялікай аўдыторыі гледачоў новымі цікавымі праектамі. Але кожны раз атрымліваюцца незабыўныя эмоцыі, бо гэта жывая музыка.

Наталля КРАТКОЎСКАЯ:

- Фестываль спадабаўся сваёй насычанай праграмай і вялікім канцэртам у час яго закрыцця. Цудоўнае відовішча! Парадавалася на свяце і за нашых землякоў-бярэзінцаў, якія цікава і з густам прадстаўлялі наш рэгіён на выставе народных промыслаў і народнай творчасці.

Ірына ДУБОВІК:

– Мы з нашым калектывам «Маргарыткі» таксама ўдзельнічалі ў фестывалі. Цэлы дзень забаўлялі гасцей на нашым імправізаваным падворку. Стаміліся? Не! Эмоцыі перапаўняюць! Нас так сардэчна, апладысментамі сустракалі госці. Спадабаліся народныя ўмельцы - шмат цікавых і незвычайных работ.

Вераніка МАКЕЕНКОВА:

– Я ўжо не першы раз наведваю фестываль. Кожны раз нешта новае, асабліва арыгінальныя работы народных майстроў. Вельмі цікава было паглядзець падворкі кожнага раёна. Гэты фестываль уразіў сваёй разнастайнасцю. Столькі ўсяго - проста вочы разбягаюцца! Тут адчуваеш сябе свабодна, як дома! Цікава і тое, што можна прымераць на сябе гістарычны касцюм, зрабіць крэатыўнае фота, патанцаваць... Пабывала я і на закрыцці фестывалю: годныя, арыгінальныя выступленні. Мора эмоцый. Наогул, хочацца адзначыць, што фестываль паказвае ўсю непаўторнасць, арыгінальнасць беларускай культуры. Проста здзіўляюся, колькі ў нашай краіне таленавітых людзей.

Людміла ЛУКАШЭВІЧ:

– Упершыню была на такім фестывалі. Запамінальна. Горад рамёстваў здзівіў сваёй арыгінальнасцю. Вядома ж, парадавала, што імправізаваны падворак нашага раёна здзіўляў сваёй крэатыўнасцю і непаўторнасцю. Нашы майстры, сапраўды, прафесіяналы сваёй справы. Я была на закрыцці фестывалю. Не сціхалі апладысменты артыстам. Сапраўды, Маладзечна сустракаў нас гасцінна і сардэчна.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER