Бярэзінцы сёлета дасягнулі вяршыні, акрэсленай дадзеным культурным форумам, і заваявалі Гран-пры. Галоўны прыз – новенькі мікрааўтобус!
На салігорскай сцэне Бярэзіншчына была прадстаўлена зборнай камандай удзельнікаў Народнага вакальнага ансамбля “Рэтра”, узорнага ансамбля танца “Вясёлка”, вакальнай групы “Радасць”, узорнага тэатра танца “Пёстрый мир”, салістаў-вакалістаў Бярэзінскага раённага цэнтра культуры і дзіцячай школы мастацтваў. На вядучую ролю ў нумары “Паэт Беларусі” быў запрошаны прафесійны акцёр, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Кірыл Сакалоўскі, рэжысёрам выступіў Ігар Кілдзінскі.
.jpg)
– Упершыню за ўвесь час фестывалю бярэзінцы атрымалі Гран-пры! Несумненна, падзея для сферы нашага культурнага жыцця значная і важная. Бліскучая перамога яскрава сведчыць пра няўрымслівы творчы дух, працавітасць і поўную адданасць справе ўсіх нашых работнікаў. Гэта наша калектыўная перамога і штуршок натхнёным памкненням рухацца далей, да новых творчых вяршынь! – не стрымлівала радасных пачуццяў дырэктар Бярэзінскага раённага цэнтра культуры Алеся Ермакова. – Да ўдзелу мы рыхтаваліся на працягу двух месяцаў. Прычым натуральна напоўніцу аддавалі ўвесь працоўны і вольны час. У працэсе творчай падрыхтоўкі і выступлення паветра амаль гусцела. Над нумарам “Паэт Беларусі” працавалі нашы сапраўдныя прафесіяналы Дзмітрый Барысёнак, Аксана Панкевіч, Марыя Бурымская, ды наогул варта пералічыць пайменна кожнага, хто выходзіў на сцэну, а таксама і тых, чыя напружаная праца была па-за сцэнай. Асаблівыя словы падзякі Кірылу Сакалоўскаму, які таленавіта выканаў галоўную ролю ў нашай тэатралізаванай харэаграфічнай пастаноўцы. Выдатна папрацаваў рэжысёр Ігар Кілдзінскі. На вышыні былі салісты цэнтра культуры і школы мастацтваў. Уразіла складаная вакальная партыя ў выкананні Ангеліны Трыпута. Кожны з нас зрабіў непаўторны ўнёсак у агульнае выступленне, праявіў лепшыя рысы ўласнага таленту, выклаўся на ўсе сто. Таму пералічыць можна ўсіх і кожнаму выказаць глыбокую сардэчную падзяку.
.jpg)
Варта заўважыць, што ў складзе журы былі заслужаны артыст, папулярная беларуская спявачка, артыст тэатра і кіно, педагог-харэограф і іншыя прафесіяналы, давер якіх заваяваць зусім не проста. Старшынёй журы выступіў мастацкі кіраўнік – галоўны дырыжор Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я.Фінберга, дацэнт Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава Максім Расоха, а сустаршынёй журы – начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Ала Шахоцька.
– І як стала вядома са слоў рэжысёра нашага нумара, з шасці членаў журы пяцёра аддалі галасы за нашу каманду, – падкрэсліла Алеся Ермакова. – Пераканаўчая перамога! Канешне, было складана, мы выехалі ў 6 раніцы, з 23 калектываў-ўдзельнікаў выступалі пад нумарам 18. Але ва ўсіх жыла нейкая ўнутраная ўпэўненасць, перакананасць, вера ў перамогу, якая ўсімі і кіравала, і натхняла.
І я ўпэўнена – будзе натхняць далей, бо падзея нас усіх акрыліла і надала шмат стваральнай моцы.
.jpg)
.jpg)
Застаецца толькі парадавацца за нашых землякоў і пажадаць ім плёну ў далейшай дзейнасці на ніве культуры. Напрыканцы хочацца звярнуць увагу на назву нумара, з якім выступалі бярэзінцы. Перафразуючы класіка, можна дадаць: “Паэт Беларусі” больш чым проста паэт, і пацвярджэннем дадзенай высновы служыць перамога ў “Напеве зямлі маёй”, якой бы не было без той напружанай працы і самаадданасці, уласцівай сапраўдным творцам. З перамогай вас, даражэнькія!
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Ігара НЕХАЯ.