Вытанчанае майстэрства пераплёту

Date 26.08.2026 Man
Comment 79
Вытанчанае майстэрства пераплёту

Майстэрства пераплётчыка кніг – з’ява ў наш час настолькі рэдкая, што няма з чым і параўнаць, і гэта толькі падкрэслівае ўнікальнасць дадзенай справы. А занятак гэты найстаражытнейшы, які нарадзіўся на свет, калі толькі з’явілася першая ў свеце кніга.

У век усеагульнай аўтаматызацыі, калі ў сучасных друкарнях ва ўсю задзейнічаны электронна-механічныя лініі, тэхнічны бок кнігавыдавецкага працэсу выглядае хоць і бяздушна, але надзейна і трывала. І ўсё ж за нашым часам дзе-нідзе сустракаюцца людзі, для якіх ручная праца над стварэннем кнігі бачыцца нечым амаль што сакральным, авеяным подыхам вякоў. Яны сапраўдныя майстры сваёй справы, якіх можна ставіць у шэраг разам з ганчарамі, мастакамі, разьбярамі па дрэве ды іншымі спецыялістамі народных рамёстваў.

Для бібліятэкара Святланы Рабкевіч, якая працуе ў Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, захапленне пераплётнай справай прыйшло зусім нечакана і непрадказальна. Той самы выпадак, калі слушна прымяніць выраз – сышліся зоркі. Бо па першай адукацыі жанчына – маляр-тынкоўшчык, пэўны час працавала на будоўлі. І зараз пра гэты факт успамінае хіба толькі яна сама.

Але ж, калі ў чалавека «залатыя рукі», гэтыя рукі знойдуць сабе годнае прымяненне ў любой добрай справе і праявяць сябе. Так адбылося і са Святланай, для якой перапляценне кніг зрабілася і поклічам душы, і захапленнем, і работай адначасова.

Прыйшла працаваць у бібліятэку па інтэрнэт-аб’яве ў 2018-м і два гады была прыбіральшчыцай памяшканняў. Перыяд супаў з пераездам бібліятэкі ў музей драўлянай лыжкі ў сувязі з пачаткам рамонту будынка, было шмат клопатаў. У нейкі момант дырэктар установы Наталля Маеўская прапанавала маладой супрацоўніцы паспрабаваць сябе ў справе, якой звычайна займаюцца бібліятэкары. Святлана села за камп’ютар, а з сучаснай тэхнікай яна на «ты» яшчэ са школы, выканала адно заданне, потым другое-трэцяе… Неўзабаве яна паступіла ў Магілёўскі каледж мастацтваў, які скончыла ўжо знаходзячыся ў дэкрэтным водпуску, і такім чынам «рукастая» жанчына знайшла прымяненне ўласным талентам у зусім новым рэчышчы, у якім хутка асвоілася, і бібліятэчная справа зрабілася для яе неад’емнай часткай жыцця.

– Доўгі час я назірала, як перапляценнем кніг займалася адна з нашых старэйшых супрацоўніц Эма Іосіфаўна Курневіч, якая ўжо на заслужаным адпачынку, і я літаральна ўсяму навучылася ад яе, – расказвае Святлана. – Гэта вельмі карпатлівая, але дужа захапляльная і цікавая справа мне адразу спадабалася.

Дарэчы, колькі кніг ужо перапляла Святлана Рабкевіч, падлічыць цяжка. Справа тут не толькі ў мастацкім падыходзе, калі гаворка ідзе, напрыклад, пра рэстаўрацыю аднаго пашарпанага часам экзэмпляра якога-небудзь рарытэта. Заўважым, раённая бібліятэка таксама займаецца кнігавыданнем і штогадова выдае розныя метадычныя дапаможнікі, краязнаўчыя зборнікі, выдае кнігі і розных бярэзінскіх аўтараў. І вось з ліку самых апошніх – паэтычны зборнік нашага земляка Уладзіміра Сакава. Святлане Мікалаеўне давялося ўручную пераплесці восемдзясят экзэмпляраў кніг. Самой склейваць вокладкі, мацаваць блокі. Згадзіцеся, гэта зусім нямала.

– А мне і ў асалоду, – са шчырай усмешкай запэўнівае майстар. – З гэтым заданнем справілася за месяц.

І хоць перапляценнем яна займаецца даўно, але яшчэ пакуль сціпла лічыць сябе навічком у гэта справе. Але ж «навічок» ужо паспеў заслужыць добрыя водгукі ад людзей. У бібліятэку звярнулася жанчына, якая папрасіла «парамантаваць» англа-рускі слоўнік. Як патлумачыла, слоўнік той вельмі дарагі сэрцу. І Святлана ніколькі не вагаючыся ўзялася за справу і паспяхова выканала. Тут і жанчына засталася задаволеная, і іміджу майстра – трывалы плюсік, і аматары-кніжнікі даведаліся, што можна звяртацца за такой паслугай. Усё – толькі на карысць.

Карацей, падсумоўваючы сказанае, можна ўпэўнена заўважыць, якасць гарантавана там, дзе да справы ставяцца з усёй любоўю і адказнасцю, а гэтага Святлане Рабкевіч не займаць, яшчэ і з іншымі падзеліцца.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER