Хто лепшы па мовах?
Так, па беларускай мове і літаратуры другі раз запар аказаліся лепшымі сельскія вучні 11-га класа Валерый Шэмет з ДУА “Погосцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” і Вера Піскун з ДУА “Лешніцкі ВПК дзіцячы садок- сярэдняя школа”. Трэба аддаць належнае педагогам гэтых вучняў Надзеі Новікавай і Наталлі Жукоўскай.
А вось па рускай мове і літаратуры самы высокі працэнт выканання алімпійскіх заданняў прадэманстравала вучаніца 9-га класа ДУА“Сярэдняя школа №2 г. Беразіно” Настасся Ермакова. Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца, бо настаўніцай у яе Наталля Аўтуховіч.
А вось лепшыя ў раёне знаўцы англійскай мовы вучацца ў Бярэзінскай гімназіі – вучаніцы 9 і 11- класаў Дар’я Сіняк і Ксенія Зарэцкая. Яны займаюцца замежнай мовай у педагогаў Алены Хахол і Веранікі Васілевіч.
А па біялогіі і геаграфіі?
Па біялогіі належны ўзровень ведаў паказалі вучаніца 9-га класа Бярэзінскай гімназіі Яўгенія Ясюціч, якая вывучае дысцыпліну ў педагога Марыі Шпак, і яшчэ адна дзевяцікласніца ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Беразіно” – Наталля Трапянок, у якой настаўніца Таццяна Логвін. Дарэчы, у гэтага педагога яшчэ адна вучаніца 11 класа Ганна Нікалаева ўразіла сваімі ведамі па гэтай дысцыпліне. У склад лепшых знаўцаў біялогіі ўвайшла і вучаніца 10-га класа ДУА “Багушэвіцкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” Алена Крук, якая займаецца з педагогам Анатолем Сініла.
У ліку самых эрудзіраваных знаўцаў геаграфіі ўпэўнена па выніках алімпіядных заданняў значацца вучні ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Беразіно” і “Сярэдняя школа №2 г. Беразіно” Кацярына Антановіч і Аляксей Маркоўскі. Яны займаюцца ў педагогаў Наталлі Скуратовіч і Людмілы Макарэвіч.
Інфарматыкаў ізноў цэлая каманда
У складзе яе адразу тры вучні Бярэзінскай гімназіі Андрэй Чалей, Васілій Папруга і Арцём Ізмер. Усе яны - гадаванцы педагога дадатковай адукацыі Інтэлектуальнага цэнтра развіцця дзяцей і моладзі Ігара Чарнушэвіча.
Хто лепшы па матэматыцы і фізіцы?
Тут традыцыйна называюцца вучні дзвюх гарадскіх навучальных устаноў - ДУА “Бярэзінская гімназія” і “Сярэдняя школа №2 г. Беразіно”. Так, атрад гімназістаў прадстаўляюць вучаніца 8-га класа Валерыя Суша, у якой педагогам Вольга Жукоўская, і вучні 9-га і 10-га класа Андрэй Чалей і Настасся Красоўская. Матэматыку ў іх выкладае Валянціна Дамашэвіч. Дарэчы, Андрэй і Настасся сталі лепшымі і па фізіцы. Яе яны вывучаюць у педагогаў Марыі Куставай і Ганны Ізмер.
Сярэднюю школу №2 дастойна прадставіла вучаніца 11 класа Аліна Радзевіч, якая займаецца ў Люсіі Юшкевіч.
А па працы?
У раённай алімпіядзе па абслугоўваючай і тэхнічнай працы нязменна лепшымі называюцца вучні ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Беразіно” і “Сярэдняя школа № 3 г. Беразіно”. Гэта Мацвей Каленцыёнак, Кацярына Круталевіч і Настасся Ермаловіч. Практычныя і тэарэтычныя веды яны атрымалі ў педагогаў Святланы Алезарэнка і Мікалая Дубовіка.
– Алімпіядныя заданні заўсёды няпростыя і ставяць сваёй мэтай адабраць самых- самых эрудыраваных і таленавітых з усёй Мінскай вобласці. Таму атрымаюць прэстыжную пуцёўку далёка не ўсе вучні. Трэці абласны этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды пройдзе адразу пасля зімовых канікулаў, - зазначыла намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі. спорце і турызме райвыканкама Ала Петруковіч, - таму калі будуць канчаткова сфарміраваны спісы ўдзельнікаў, распачнецца новы больш актыўны віток работы па падрыхтоўцы таленавітых вучняў да абласной алімпіяды. Для іх будуць складзены спецыяльныя планы падрыхтоўкі і запланаваны індывідуальныя заняткі з педагогамі. Хаця варта зазначыць , што работа з задоронымі вучнямі вядзецца ў школах рэгулярна і на дастойным узроўні.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.