Першаадкрывальнік для першаадкрывальнікаў

Date 07.03.2025 Man
Comment 315
Першаадкрывальнік для першаадкрывальнікаў

Сярод тых шматлікіх якасцей, якімі прырода шчодра надзяліла жанчын, на першае месца выступае клопат пра сям’ю і дзяцей. Здаецца, ласка, пяшчота і любоў у жаночым сэрцы не маюць межаў.

А тая адказнасць, што ляжыць на матулі за выхаванне падрастаючага пакалення і яго далейшае жыццё, з ёй застаецца на доўгія гады. Але ў некаторых з іх душа бывае настолькі шырокая, што не абмяжоўваецца толькі рамкамі ўласнай сям’і, і пад сваё крыло яна бярэ і чужых дзетак. Так нараджаюцца педагогі. Сапраўдныя, не па дыпломе і абавязку, а па сваёй існасці і прызванні.

Менавіта такім педагогам з’яўляецца і Людміла Сярмяжка – настаўнік пачатковых класаў Бярэзінскай гімназіі. Яшчэ ў дзяцінстве праяўляліся яе схільнасці да выхавання. Ды і любімыя настаўнікі – Галіна Вячаславаўна Цвілік і Генадзь Генадзьевіч Забаронак – былі для яе ўзорам для пераймання. “Павінна атрымацца”, - сказала неяк сабе Люда, паставіўшы перад сабой задачу стаць настаўнікам. І як паказаў час, сапраўды, атрымалася.

Роля менавіта настаўніка пачатковых класаў была выбрана невыпадкова, бо яго задача не проста перадаць веды па тым ці іншым прадмеце, а навучыць дзіця асновам адразу ўсіх навук, прызвычаіць яго да школьнага грамадскага жыцця, прывіць любоў да вучобы, дапамагчы раскрыцца і набыць сваю непаўторную ўласцівасць асобы. Шмат задач, шмат клопатаў, шмат адказнасці. Людміла Сцяпанаўна добра разумее іх і вучыць сваіх гадаванцаў рабіць першыя крокі ў вялікую краіну ведаў.

– Падрыхтоўка дзяцей да школы, іх эмацыянальны фон, характар і нават разумовыя здольнасці ў кожнага чыста індывідуальныя, - расказвае Людміла Сярмяжка. – І вельмі важна, каб кожны вучань змог адчуць сябе заўважаным, асобай, атрымаў пахвалу і высокую ацэнку сваіх намаганняў, якімі б ні былі яны. Галоўнае, што ён стараецца ў меру сваіх здольнасцей, а значыць, расце над сабой і развіваецца.

Зараз Людміла Сцяпанаўна вядзе другакласнікаў. Паралельна з гэтым па суботах займаецца з групай гадаванцаў дзіцячых садкоў, якія ў верасні прыйдуць у гімназію. Рэгулярна ездзіць для правядзення надомнага навучання ў Глухі Ток. Такім чынам, кожны рабочы тыдзень у жанчыны распісаны ледзь не па хвілінах, праходзіць у пастаянным руху і цесным кантакце са сваімі гадаванцамі, якіх так любіць педагог і якія адказваюць свайму любімаму настаўніку ўзаемнасцю - а гэта пытлівыя вочкі і адкрытыя сэрцы. Такому святому служэнню жанчына прысвяціла вось ужо 40 гадоў сваёй педагічнай дзейнасці. Кожны з іх – непаўторны, незабыўны, шчодры і толькі шчаслівы.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER