Пытанне вакцынацыі не губляе сваёй актуальнасці. Асабліва востра гэта гучыць сёння, калі ўрачы абвясцілі пачатак бустэрнай вакцынацыі, або рэвакцынацыі. Ці патрэбна праходзіць вакцынацыю, рэвакцынацыю, бустэрную вакцынацыю? Мы паспрабавалі разабрацца ў дадзенай тэме разам з жыхарамі горада.
Анжэла МЕЛЬНІК, супрацоўнік суда:
- Зразумела, страшна бывае парою ад інфармацыі пра каранавірус. Разумееш, што прышчапіцца трэба. З іншага боку - неяк баішся тых прышчэпак. Сама я хварэла ў лёгкай форме на каранавірусную інфекцыю, была дома на бальнічным. Былі тэмпература і адчуванне моцнай слабасці, а вось кашлю і насмарку не назіралася. Выпрацаваўся пэўны імунітэт пасля хваробы. Мяркую, кожны павінен сам вырашаць, варта рабіць прышчэпку ці не. Уласна я зараз разважаю наконт гэтай праблемы, бо, па-першае, варта вызначыцца, якой вакцынай прышчапляцца лепш.
Мікалай ФУРС, выкладчык гімназіі:
- Я перахварэў каранавірусам летась глыбокай восенню, бліжэй да новага года. Пару тыдняў ляжаў у бальніцы, тэмпература доўга не зніжалася, гэта насцярожвала. Лічу, што вакцынавацца трэба, варта прыслухоўвацца да меркавання ўрачоў. Але спачатку варта вызначыцца, менавіта якую вакцыну выкарыстоўваць, лепш адразу пракансультавацца ў медыкаў. Несумненна, прышчапляцца буду, але пакуль дакладна не вырашыў, якой вакцынай. Наогул жа супраць усіх хвароб рэкамендую здаровы лад жыцця, правільнае харчаванне, рэжым дня, і абавязкова заняткі спортам.
Гэта ў сукупнасці добра ўмацоўвае імунітэт. Заўважу, заняткі спортам асабіста мне дапамаглі знізіць павышаны ціск. Таму рэкамендую ўсім, хто нагружаны інтэлектуальна, абавязкова наведвацца ў трэнажорную залу. Фізічныя практыкаванні ўмацоўваюць, і гэта добрая прафілактыка многіх пытанняў здароўя.
Валянціна КАРДЫМОН, жыхарка Беразіно:
- Я вакцынавалася пакуль адзін раз, у кастрычніку мінулага года, быў прыменены “Спутник V”. Каранавіруснай інфекцыяй не хварэла. Думкі наконт прышчэпак наогул рояцца розныя. Калі паслухаць вакол, адзін гаворыць адно, другі – іншае. Аднак асабіста для сябе вырашыла, што прышчапіцца не пашкодзіць. Вось і зараз трэба зрабіць прышчэпку, бо як кажуць, настала новая хваля захворванняў. Пакуль разважаю, абмяркоўваю дадзеную праблему.
Вольга САМСОНЕНКА, шчаслівая матуля:
- Наш муж і тата працуе на заводзе “Аліварыя”, ён вакцынаваўся. Я ж пакуль у дэкрэтным адпачынку і дакладна не вырашыла, разважаю.Самі каранавіруснай інфекцыяй не хварэлі. Муж вырашыў вакцынавацца на ўсякі выпадак і будзе праходзіць рэвакцынацію. Несумненна, гэта патрэбна, тым больш каранавірус падобна грыпу застанецца ў свеце. Наогул жа мы практыкуем ўмацаванне імунітэту вядомымі сродкамі: абавязкова здаровы лад жыцця, ужыванне натуральных вітамінаў і добры настрой.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.