Жыць – Радзіме служыць, або працуе прызыўная камісія

Date 16.08.2022 Man
Comment 1201
Жыць – Радзіме служыць, або працуе прызыўная камісія

Для маладых мужчын Бярэзіншчыны, якія яшчэ не былі ў арміі, сённяшні дзень асаблівы.

Менавіта сёння пачаліся мерапрыемствы па прызыву, у праватнасці медыцынскае асведчанне, і вельмі хутка ў маладых хлопцаў з’явіцца магчымасць даказаць уласную годнасць, загартавацца, набыць больш самастойнасці і даросласці, выконваючы абавязак перад Радзімай на тэрміновай ваеннай службе.

Будучыя воіны сабраліся ў ваенкамаце, дзе ўдакладнілі ў спецыялістаў асабістыя пашпартныя дадзеныя, сямейнае становішча, выслухалі прывітальнае слова начальніка абасобленай групы Бярэзінскага раёна – маёра Максіма Клюева, задалі праблемныя пытанні па прахаджэнню медкамісіі.

Для будучых воінаў у асобным месцы была раскладзена наглядная агітацыя ў выглядзе інфармацыйных дапаможнікаў, з якіх можна было даведацца звесткі, куды пайсці вучыцца, калі ўзнікла жаданне звязаць жыццё з арміяй і стаць афіцэрам, якая яна – служба па кантракце, і многае іншае.

 

МОЖНА ПАСЛУЖЫЦЬ

Настрой у прызыўнікоў бадзёры, кожны ведае – служыць гэта неабходнасць, таму гатовыя да выпрабаванняў ваеннай службы.

- Зусім нядаўна пачаў працаваць у Асіповічах у дарожнай арганізацыі, куды патрапіў пасля размеркавання, - дзеліцца бярэзінец Дзмітрый Дарожка. – Закончыў Беларуска-расійскі ўніверсітэт, дзе вучыўся па спецыяльнасці аўтамабільныя дарогі. Настрой да службы станоўчы, тым больш, што армейскі перыяд будзе залічаны ў абавязковую адпрацоўку пасля вучобы. Так што нічога не губляю, нават набываю нешта новае. Дарэчы, мой брат адслужыў у ДШБ, цікава і самому зараз даведацца, у якія войскі патраплю.

 

ПРА ПРЫЗЫЎ

- У сводны спіс у нас уключана 132 чалавекі, з іх 84 з горада, - кажа вядучы спецыяліст абасобленай групы Галіна Гарошка. – З іх у нас ёсць людзі, якім будзе адтэрміноўка па адукацыі, або па сямейных абставінах. Папярэдне мы правялі заняткі з урачамі, персаналам, вядучымі спецыялістамі абасобленай групы, пазнаёмілі з правіламі і патрабаваннямі прызыўной камісіі. Сёння ж мы запрасілі тых маладых людзей, якія не маюць права на адтэрміноўку.

- Што рабіць прызыўніку, калі паспеў абзавесціся сям’ёй і дзецьмі?

- Даецца адтэрміноўка да таго моманту, пакуль дзіцяці не дасягне 3-гадовага ўзросту. Калі ж у сям’і з’яўляецца трое дзяцей, тата аўтаматычна залічваецца ў запас.

З’яўленне дзяцей – прычына даволі ўважлівая, каб чалавека не прызываць на тэрміновую службу. А што рабіць, калі прызыўнік не з’яўляецца на прызыўную камісію і ўважлівых прычын не прадастаўляе?

- Сёлета ў нас быў такі выпадак у вясенні прызыў. Малады чалавек не з’явіўся на камісію без уважлівых прычын, мы да яго званілі, папярэджвалі, але мабыць ён лічыў, што гэта жартачкі, - зазначае Максім Клюеў. – Не жартачкі. Дакументы па гэтаму выпадку сабраныя і накіраваныя ў РАУС, зараз гэтай справай займаецца Следчы Камітэт, і далей справа будзе перададзена ў суд. На жаль падобныя сітуацыі здараюцца. Ухіленне ад тэрміновай службы караецца адпаведна з Законам. Аднак да суда высвятляюцца абставіны і прычыны, менавіта з-за якіх прызыўнік не з’явіўся. Калі гэта зроблена наўмысна без уплыву знешніх фактараў, тады ўхіленне ад тэрміновай службы можа выклікаць крымінальную адказнасць.

 

ДАКЛАДНЫ МЕДАГЛЯД

Медагляд будучых воінаў заўсёды лічыўся адказным працэсам. Усё ж, усе яны – будучыя абаронцы Айчыны, і гэты факт выклікае максімальную засяроджанасць урачоў на выкананні сваіх прафесійных абавязкаў. Прайсці ж маладым людзям трэба шмат кабінетаў: псіхіятра, нарколага, афтальмолага, тэрапеўта, стаматолага і многіх іншых.

У паліклініцы Бярэзінскай ЦРБ зазірнулі ў кабінет тэрапеўта Зухро Шарыпавай, якой дапамагае медсястра Алена Цялевіч.

- Падобны медагляд зусім не звычайны, і вельмі дакладны, - расказвае Зухро Махмудаўна. – Мы працуем, карыстаючыся спецыяльным пастанаўленнем ад 2020 года, у якім прапісаны ўсе неабходныя правілы і працэдуры. Зараз прызыўнік аглядаецца літаральна з галавы да пят. Абследванне больш дакладнае і шчыльнае, чым было ў ранейшыя гады. Сёння робіцца максімальна ўсё, каб пазбегнуць памылак і не адправіць на службу чалавека з прыхаванымі балячкамі, якія раптам магла “не заўважыць” прызыўная камісія. Пры неабходнасці накіроўваем прызыўніка на дадатковае абследванне ў Мінск.

З баявым настроем ставіцца да правядзення прызыўной камісіі і загадчык паліклінікі Бярэзінскай ЦРБ Дзмітрый Відэргольд.

- Сёння толькі першы дзень, казаць пра вынікі камісіі пакуль рана, - дзеліцца Дзмітрый Уладзіміравіч. – Але, мяркую, усё пройдзе ў штатным рэжыме. Зразумела павялічацца нагрузкі на дадзены перыяд. Прызыўнікі праходзяць медыцынскіх спецыялістаў без чаргі. У паліклініцы пра тое развешаны абвесткі. Пацыенты да наплыву маладых людзей ставяцца з паразуменнем, многія самі былі ў арміі, ведаюць, што гэта такое.

Напрыканцы варта зазначыць, што работа прызыўной камісіі працягнецца да 30 лістапада.

 

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER