У ААТ “Першамайскі”, па словах яго дырэктара Юрыя Касцюка, найбольш яскрава праявілі сябе ў час уборкі члены двух экіпажаў - Сяргей Аўсянскі і Ігар Буднік, а таксама Ігар Абмётка і Андрэй Курковіч. Менавіта іх намаганнямі жніво ў гаспадарцы прайшло арганізавана і своечасова, не зніжаліся тэмпы работ.
Як вынік – абодва экіпажы здолелі пераадолець тысячны рубеж намалоту, за што былі адзначаны падзякамі раённага выканаўчага камітэта. Такімі ж узнагародамі былі адзначаны і яшчэ два тысячнікі ААТ “Першамайскі” – вадзіцелі Анатоль Зелянкевіч і Уладзімір Бінжук. Кожны з гэтых спецыялістаў даўно зарэкамендаваў сябе старанным і адказным працаўніком, неаднаразова называўся ў ліку лепшых.
Добра вядомы тут і такія прозвішчы, як Сяргей Карповіч і Рыгор Жаўняровіч. Яны – таксама актыўныя ўдзельнікі жніва. Толькі вось функцыі яны выконваюць крыху іншыя – дапрацоўваюць абмалочанае зерне. Не першы год выступаюць мужчыны ў ролі аператараў зернесушыльнага комплексу, а што датычыць Рыгора Леанідавіча, то ён нават памятае час, калі ўзводзілі гэты КЗС у гаспадарцы. Адметным сёлетняе жніво для Сяргей Карповіча і Рыгора Жаўняровіча стала тым, што па выніках раённага спаборніцтва яны занялі другое месца сярод аператараў КЗС.
Добрай славай карыстаюцца ў жыхароў Мікуліч, як і ў цэлым працаўнікоў гаспадаркі, муж і жонка Пясецкія. Не вельмі даўно прыехалі яны на Бярэзіншчыну і, нягледзячы на свой даволі малады ўзрост, праявілі сябе выдатным спецыялістамі і добразычлівымі суседзямі. А да жніва Уладзімір мае самае непасрэднае дачыненне, бо з’яўляецца асноўным дырыжорам усяго працэсу ад закладкі зерня ў глебу да яго абмалоту. Ён – галоўны аграном. Таму і перажывае Уладзімір Анатольевіч кожную перамогу або няўдачу гаспадаркі як сваю ўласную. Не менш адказны спецыяліст і яго жонка Вольга, якая ўзначальвае эканамічную службу гаспадаркі. А на раённых дажынках яе чакае прыемны сюрпрыз ад раённай арганізацыі “Белая Русь”.
Сёння збожжа ўжо засыпана ў засекі. Але работа ў гаспадарцы працягваецца, бо восень – самы напружаны час для сельскага працаўніка. Няхай жа гэты час не страціцца дарэмна і прынясе станоўчыя дэвідэнты кожнаму селяніну.
*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.