“Поштамабіль” выпраўляецца ў штодзённую вандроўку

Date 07.10.2022 Man
Comment 631
“Поштамабіль” выпраўляецца ў штодзённую вандроўку

Калі ў сельскую мясцовасць прыбывае “Газель” з сіняй будкай і надпісам “Белпошта”, для мясцовых жыхароў гэта заўжды ў пэўным сэнсе падзея.

Напрыклад, у аграгарадку Брадзец, куды прыбывае перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі №3, першыя наведвальнікі збіраюцца непадалёку ад канторы гаспадаркі. Час прыбыцця ўжо вядомы загадзя – дванаццаць дня. Усім жадаючым трэба паспець, спецыяльны паштовы аўтамабіль будзе стаяць не больш гадзіны. Паглядзець, як працуе зараз пошта на перыферыі, прыбыў і карэспандэнт “Бярэзінскай панарамы”.

- У нас можна аплаціць (як наяўнымі грашыма так і карткай) камунальныя паслугі, пакласці грошы на тэлефон, інтэрнет, аформіць перавод грошай, атрымаць пенсію. Наогул жа, аказваем увесь спектр паслуг, - расказвае начальнік перасоўнага аддзялення паштовай сувязі Аксана Бяляўская. – А яшчэ набыць і маркіраваную прадукцыю (канверты), немаркіраваную (розныя па тэматыцы паштоўкі), газеты, харчовыя тавары, атрымаць і адправіць бандэроль, пісьмы.

Сціпласць упрыгожвае жанчыну. На просьбу сфатаграфавацца для газеты Аксана Уладзіміраўна адмаўляецца і тлумачыць, што наогул не аматарка трапляць на фота. Унутры "поштамабіля" чысціня і парадак, кожная рэч на сваім месцы, тавары акуратна раскладзены ў належным парадку. Калі ўзнікае патрэба перанесці або пераставіць што-небудзь цяжкае, заўсёды дапаможа вадзіцель Дзмітрый Малафееў.

Дарэчы, на сённяшні дзень у раёне дзейнічае тры падобных “поштамабіля”. Іх з’яўленне – вынік пошукаў новых форм работы з насельніцтвам, каб і людзям зрабіць паслугі больш зручнымі і прыемнымі, і атрымаць эканамічную выгаду і прыбытак уласна пошце.

– Нашай машыне даводзіцца выязжаць на даволі працяглы маршрут, – каментуе вадзіцель. – Пачынаем з Капланцаў, потым едзем у Брадзец, далей па парадку Сяліба і іншыя населеныя пункты, якіх больш дзясятка. Дзе знаходзімся палову гадзіны, дзе гадзіну, у залежнасці ад колькасці насельніцтва. За дзень накручваецца больш за сто кіламетраў. Ездзіць даводзіцца 5 дзён на тыдзень, акрамя нядзелі і панядзелка. Ведаю тут усе вёскі, дарогі і вулачкі!

 

Пра супрацоўнікаў

Экіпаж перасоўнага аддзялення паштовай сувязі №3 даволі спрактыкаваны ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Начальнік аддзялення Аксана Бяляўская родам з Беразіно, з 2013 працавала ў Бярэзінскім раённым вузле паштовай сувязі кладаўшчыком на працягу трох гадоў, замяняла супрацоўніцу, потым была загадчыцай магазіна “Марк Фармэль”. Але пасада загадчыцы не давала належнага задавальнення, таму на прапанову стаць начальнікам перасоўнага аддзялення паштовай сувязі адгукнулася адразу і з 1 жніўня прыступіла да абавязкаў.

– Мне адразу спадабалася, – усміхаецца Аксана Уладзіміраўна. – І вопыт папярэдняй работы на пошце надаў упэўненасці.

Дзмітрый Малафееў таксама бярэзінец, вадзіцельскі стаж распачаў яшчэ у 2003 годзе, калі працаваў у “Профітсітэме”, куды ўладкаваўся адразу пасля арміі. Дарэчы, у лістападзе будзе 8 гадоў, як Дзмітрый Леанідавіч водзіць “поштамабіль”. Дагэтуль працаваў вадзіцелем у кінатэатры “Юбілейны”, дзе быў яшчэ відэадэманстратарам-кінамеханікам.

– Маршруты знаёмыя, – кажа ён. – Толькі раней па клубах і школах ездзіў, а зараз з поштай і газетамі да людзей.

 

Усё для людзей

Пакуль мы размаўлялі, не гледзячы на восеньскую імжу, да паштовай “Газелі” набліжаліся людзі. Кожны з уласнымі патрэбамі: хто пакласці грошы на тэлефон, а хто і заказаць камбікорм.

– Возім тавары на заказ, – зараз жа тлумачыць начальніца аддзялення. – Імкнемся, каб людзям было прасцей, падвозім прама да дому. Прынцып работы – "усё для людзей".

Можа скласціся памылковае ўражанне, што дзейнасць перасоўнага аддзялення больш сканцэнтравана на гандлі харчовымі таварамі, але гэта не так. Выпісваюць тут і прэсу.

Пры чым у лідэрах раённая газета “Бярэзінская панарама”, потым “Беларусь Сегодня”, “Мінская праўда”, часам “7 дней”.

– Мы і самі прапаноўваем нашым наведвальнікам падпісацца на раённыя, абласныя, рэспубліканскія выданні, – тлумачыць Аксана Бяляўская. – Пры тым пэўнай перавагі якойсьці адной адной газеце не надаем, людзі ўласна самі выбіраюць часцей раённую прэсу, што пацвярджае вядомую выснову: для насельніцтва больш актуальныя мясцовыя навіны.

На пытанне, калі бывае максімальны наплыў наведвальнікаў, атрымліваю лагічны адказ: зразумела, калі наспявае пара ўносіць плацяжы за камунальныя паслугі і калі “поштамабіль” прывозіць пенсію.

Віншуем!

– Наогул я задаволена жыццём і работай, каб надвор’е яшчэ ўсталявалася добрае, абяцалі ж баб’е лета, наогул было б цудоўна, – лагодна ўсміхаецца Аксана Бяляўская.

Гэтую думку цалкам падзяляе і вадзіцель.

Пажадаем жа работнікам пошты, не толькі героям матэрыяла, а ўсім, поспехаў і плёну у гэтай карыснай, важнай і неабходнай справе – везці людзям пенсіі і газеты, тавары і паслугі, а таксама прыемныя ўсмешкі і душэўную цеплыню, нягледзячы на любое надвор’е.

– На Бярэзіншчыне перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі паспяхова дзейнічаюць з 2014 года, – расказала начальнік Бярэзінскага ўчастка паштовай сувязі Вікторыя Лагоўская. – Спачатку ў людзей была трывога, што “пошта на колах” сёння прыехала, а заўтра – яе і след прастыў. А калі вяскоўцы паглядзелі, што мы курсіруем кожны дзень (акрамя выхадных – нядзелі і панядзелка) у любую пару года, што ў нас можна атрымаць усе неабходныя паслугі – пытанне знікла само сабою. Ды і, згадзіцеся, не ўсе пажылыя людзі могуць дайсці да паштовага аддзялення, нават калі яно размяшчаецца ў роднай вёсцы. А “поштамабіль” можа даехаць да кожнага дома. Гэта вельмі зручна!
.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER