Адразу бачна, хто дбайны гаспадар

Date 25.10.2022 Man
Comment 521
Адразу бачна, хто дбайны гаспадар

А робяцца такія вывады падчас у першыя секунды знаходжання ў двары чалавека. Калі па ўсім у двары адчуваецца чысціня, дагледжанасць – адразу складваецца меркаванне, што і ў хаце такі ж парадак. І праўда: у добрага гаспадара звычайна ў доглядзе і печка ў доме, і электрычная праводка. Чаго не скажаш пра іншых людзей: ледзь зойдзеш да некаторых у калітку – у вочы “кідаецца” смецце, раскіданыя дровы…

Пажарна-прафілактычная работа ў жыллі грамадзян – планавая і штотыдневая – не спыняецца ў Бярэзінскім раёне. Чарговыя рэйды праходзілі ў выхадныя дні: ратавальнікі нанеслі візіты да жыхароў весак Сяліба, Месціна, Жорнаўка, Бычын, Чыжаха, Дулебы і іншых. Асноўны ўпор быў зроблены на домаўладанні адзінокіх старых, сем’яў з дзецьмі, а таксама тых грамадзян, якія штодзенна рызыкуюць жыццем, не ведаючы нормы ў курэнні і спажыванні спіртных напояў. Як паказваюць рэйды, людзі ведаюць пра парушэнні ў сваіх дамах, што здольныя прывесці да бяды. Але ж многія чакаюць нейкага асаблівага моманту, каб іх выправіць: то часу няма, то ў агародзе былі занятыя, то забыліся.

А часцей за ўсе трэба аддаць усяго дзень, каб навесці парадак у доме: адрамантаваць дзверку печкі, патынкаваць комін і пачысціць яго ад сажы, высвабадзіць праводку з-пад шпалераў, замяніць батарэйку ў пажарным апавяшчальніку… Зімовыя халады, што прыдуць зусім скора, не пачуюць апраўданняў нядбайных гаспадароў: як паказвае жыццё, у асенне-зімовы час колькасць пажараў узрастае. Прычын тут некалькі: няспраўныя печы, перанакал печаў, павялічаная нагрузка на электрасетку. А часта – і нежаданне курца выйсці падыміць на вуліцу ў холад.

Нядбайнасць самога чалавека вядзе да бяды ў пераважнай колькасці выпадкаў пажараў. Да прыкладу, у Бярэзінскім раёне на 23.10.2022 адбыліся 34 пажары, пяцера чалавек загінула ў агні. Улічвайце гэта, выконвайце правілы пажарнай бяспекі!

Тэлефоны службы ратавання – 101, 112.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER