У каго ў сям'і ёсць дзеці, выдатна ведаюць, што з імі трэба займацца – забаўляць, развіваць, радаваць, захапляць спортам і інтэлектуальна насычаць.
А яшчэ гарэзлівую дзятву ніяк не пакінеш ні на хвіліначку без нагляду нават у свой адзіны выхадны дзень. А трэба яшчэ неяк прыгажосць навесці, закупіцца прадуктамі на цэлы тыдзень і абавязкова абмеркаваць апошнія навіны з сяброўкай. Вядома ж, ніхто не забараняе дзятву накіраваць да бабуль і суседзяў, але такі варыянт наўрад ці задаволіць маладых бацькоў, бо юнае пакаленне выдатна ўмее псаваць ім нервы. Таму татам і матулям будзе карысна даведацца, што менш месяца таму на трэцім паверсе ў будынку раённага камбіната бытавога абслугоўвання адкрыўся дзіцячы цэнтр “Мальвінка”.
Дыктуем новую моду
Гэта ініцыятыва маладой сям’і Аляксандра і Вікторыі Семяненка. Яны жывуць у сталіцы, але свой невялікі сямейны бізнес вырашылі распачаць у Беразіно. Чаму?
– Усё проста! Таму што я родам з вёскі Новіны, – гаворыць Вікторыя, – скончыла ў Беразіно СШ №1. А абралі мы такі незвычайны напрамак прадпрымальніцкай дзейнасці, бо ведаем ад знаёмых і сяброў, як цяжка пакінуць дзяцей без нагляду нават у магазіне. У Мінску гэта пытанне паспяхова здымаецца, бо паўсюдна адкрываюцца дзіцячыя забаўляльныя цэнтры. Думаю, наспеў час, каб гэта мода прыйшла і ў Беразіно.Таму мы прадастаўляем паслугі маладым сем’ям у арганізацыі правядзення вольнага часу дзяцей ва ўзросце ад трох да дванаццаці гадоў. Дарэчы, дзеці да трох гадоў могуць бавіць у нас час толькі ў суправаджэнні дарослых.
Тут толькі радасць і смех
Ужо першыя дні работы дзіцячага цэнтра пацвердзілі, што намер маладой сям’і рэальны. Бярэзінцы паступова гатовы пераймаць моду пакідаць дзяцей на пэўны час у дзіцячым цэнтры. Ды і самі хлопчыкі і дзяўчынкі ў захапленні ад таго, колькі забаў адразу ім прапануецца ў невялікім па памерах памяшканні.
– У нас вы не пачуеце дзіцячых крыкаў і істэрык, – гаворыць Вікторыя, – ды і не сядзяць дзеці крукам у тэлефонах. Праўда, гаджэты ў нас не забараняюцца, аднак і без
іх дзятва не сумуе.
Ад сухога басейна да лабірынта
У дзіцячым цэнтры “Мальвінка” маецца неабходнае абсталяванне – не менш для дзесяці пазіцый – для правядзення вольнага часу малымі дзеткамі, развіцця іх фізічных і разумовых здольнасцей, пазнавальнай актыўнасці. Так, неверагоднай папулярнасцю карыстаецца дзіцячы лабірынт. Вось дзе сапраўднае раздолле для гіперактыўнай дзятвы.
А яшчэ маецца сухі басейн, зона для аматараў камп’ютарных гульняў, разнастайныя тэматычныя зоны, працуюць шматлікія майстар-класы, ёсць магчымасць наладжваць тут ранішнікі і святкаваць дні нараджэння.
– Апошняя наша пазіцыя падыходзіць маладым бацькам, якія вельмі загружаны на працы.
– Вы ведаеце, што ўсе нашы пазіцыі з першых дзён працы аказаліся запатрабаванымі, – падкрэслівае Вікторыя. – Лепшы доказ – наша група ў сацыяльных сетках, якая пастаянна расце, і нежаданне дзяцей пакідаць наш цэнтр.
А яшчэ і кубак кавы
Відавочна, што дзіцячы цэнтр рэальна ўжо ўпадабалі маладыя таты і матулі. Як і дзяцей, іх падкупляе тут неверагодна яркая і хатняя атмасфера, цікавы крэатыўны інтэр’ер, прыглушаны гук тэлевізара і паказачнаму спагадлівыя гаспадары цэнтра.
Дзецям дазваляецца ўсё!
– Дэвіз нашага цэнтра гучыць так: “Дзеці гуляюць – бацькі адпачываюць”, – заўважае Аляксандр. – Таму пакуль дзятва забаўляецца, мы прапануем дарослым пачаставацца кавай па нашым своеасаблівым “рэцэпшыне”. Нярэдка тут бацькі затрымліваюцца на некалькі хвілін для душэўнай размовы.
Застаецца толькі сказаць, што сям’я Семяненка ў такі “дзіцячы” бізнес уклала ўсе свае ўласныя сродкі. Дарэчы, яны не пакінулі сваіх асноўных месцаў працы і не маюць спецыяльнай педагагічнай адукацыі, аднак на цяжкасці не скардзяцца, як і не чакаюць адразу вялікіх даходаў. Цэнтр для іх – справа для душы і самаразвіцця. У гульнявым пакоі не можа быць больш 15 дзяцей, таксама босымі тут нельга быць – магчыма толькі ў шкарпэтках або зменным абутку. А ўжо ўсё астатняе дазваляецца!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.