Разглядалі пытанні выканання плана абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, якія прызнаны ў неабходнасці дзяржаўнай абароны і адабраных у бацькоў, а таксама пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях, у ліку якіх невыкананне бацькамі абавязкаў па выхаванні сваіх дзяцей, распіццё алкагольных напояў непаўналетнімі, наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці і іншыя пытанні.
Варта заўважыць, чарговае пасяджэнне камісіі было насычаным і інфарматыўным, і ў першую чаргу карысным менавіта для падлеткаў, бо адміністратыўныя справы разглядаліся на іх вачах.
Праблемы ў сям’і
Спачатку разгледзелі ў закрытым рэжыме справы бацькоў, у якіх адабралі дзяцей і якім пагражае пазбаўленне бацькоўскіх правоў.
Сям’ю з Беразіно пазнаёмілі з даверанай асобай камісіі, якая будзе наведвацца да іх з мэтай удакладнення ладу жыцця. Папярэдзілі таксама пра паважлівыя адносіны. Сітуацыя ў сям’і нават не ў тым, што трэба давесці да ладу дом, каб нічога не пагражала здароўю і жыццю дзіцяці, а ў тым, што ў першую чаргу неабходна катэгарычна "завязаць" з алкаголем.
У маладой матулі з Клёнаўкі таксама праблем хапае. Жанчына неаднаразова папярэджвалася за неахайны лад жыцця, аднак не спяшалася выконваць усе рэкамендацыі спецыялістаў міжведамасных службаў. Нават у той самы сацыяльна-псіхалагічны цэнтр наведалася ўсяго адзін раз, і на пасяджэнні тлумачыла гэта загружанасцю на рабоце. Камісія рэкамендавала жанчыне выправіцца, ісці на супрацоўніцтва са спецыялістамі міжведамасных службаў, трымацца належнага жыццёвага накірунку, і тады ўсё наладзіцца. Наогул жа асобныя бацькі, у якіх дзяржава вымушана была адабраць дзяцей, лічаць, што ў іх на самой справе праблем няма. Аднак меркаванне членаў камісіі дыяметральна процілеглае: каб не было ў бацькоў праблем – не было б сэнсу збірацца на пасяджэнне.
Дагуляліся
Самае цікавае адбывалася потым у актавай зале навучальнай установы, калі пасяджэнне камісіі адбывалася ў прысутнасці “фігурантаў” адміністратыўных спраў, іх школьных таварышаў і сяброў, бацькоў і настаўнікаў-педагогаў. Тут важна зразумець псіхалагічны настрой падлеткаў. Адна справа, калі ты робіш што-небудзь “няправільнае” ўпотай з надзеяй, што ніхто не даведаецца, і зусім іншае – потым за гэтыя справы адказваць, чырванець, выслухваць кпіны і хвалявацца перад поўнай залай людзей. Здаецца, у падобнай сітуацыі для многіх пачынае даходзіць нешта важнае.
Сёлета ў верасні ва Ушы дзеткі бавіліся сваімі дзіцячымі гульнямі і дагуляліся да таго, што вынялі акно і залезлі ў нежылы дом. Было цікава юным даследчыкам высветліць, а што ж там? Заадно і прыхапіць з дома 4 лямпачкі звычайныя, 4 лямпачкі светадыёдныя і 1 таршэр. Відаць, спатрэбілася для гульняў. А вось з пункта гледжання юрыдычнай навукі – гэта заведамае пранікненне ў чужое памяшканне і вынас адтуль прадметаў.
Была ўзбуджана крымінальная справа па 205 артыкуле. Аднак непаўналетнія не дасягнулі ўзросту, калі пачынаецца крымінальная адказнасць, таму пратакол быў складзены на бацьку.
Кампетэнтныя органы далі адмову ўзбуджэнню крымінальнай справы, а тату абвінавацілі ў невыкананні абавязкаў па выхаванні дзяцей па адпаведным артыкуле кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях. Штраф па дадзеным артыкуле – да 10 базавых велічынь.
Але ж варта ведаць, што раней бацька ўжо заплаціў 1 базавую па адпаведнай справе – дзеці ўжо пранікалі ў іншае чужое жытло. З улікам таго, што сям’я шматдзетная (амаль напярэдадні пасяджэння нарадзілася чацвёртае дзіця), члены камісіі прагаласавалі за 2 базавыя велічыні штрафу. Вось так на месцы тата атрымаў штрафную квітанцыю за гульні дзетак.
Паспрабаваць усё
Як заўважыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Святлана Бондар, у час правядзення аперацыі “Падлетак”, скіраванай на папярэджванне правапарушэнняў, звязаных з ужываннем алкаголю, былі выяўлены п’яныя падлеткі ў розных грамадскіх месцах. Папулярнымі ў гэтым плане з’яўляюцца зона адпачынку каля гарадскога возера, харчовы рынак і дваровыя пляцоўкі.
Жывы прыклад: у адным з двароў па вуліцы Кастрычніцкай былі затрыманы вучні адной з гарадскіх школ, якія “па-даросламу” выпівалі алкаголь і размаўлялі пра жыццё. Самае цікавае ў дадзенай сітуацыі – што ім добра вядома пра адказнасць у такім выпадку, у школе папярэджвалі не раз. Яшчэ адзін вучань па шчаслівай выпадковасці быў выяўлены ў поўнай “адключцы” на лаве каля гарадскога возера. Падлетак больш сутак правёў у рэанімацыі, урачы высветлілі, што ў яго індывідуальная непераноснасць алкаголю, мог і сканаць, каб адзін бярэзінец, які крочыў міма, не выклікаў “хуткую”.
У час пасяджэння члены камісіі пачалі высвятляць, якія гэтыя вучні ў звычайным жыцці. Аказалася, адзін адстойвае гонар сваёй школы на алімпіядах, другі займаецца спортам і актыўны член піянерскай арганізацыі, трэці ўдзельнічае ў спаборніцтвах па футболе. І ўсе разам прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы, валанцёрскіх акцыях, творчых праектах. Тут жа ў зале прысутнічалі аднакласнікі, якія замовілі добрае слова за сваіх сяброў перад камісіяй, зарэкамендаваўшы іх як шчырых надзейных таварышаў.
Як заўважыў хтосьці з прысутных, што кіруючыся гэтым прынцыпам, няхай бы падлеткі лепш “паспрабавалі” ядзерную фізіку і кітайскую мову, а не тое, што ў канчатковым выніку вядзе да бяды.
- Дык навошта ж вы, хлопчыкі, зазіралі ў бутэльку, калі вы такія добрыя, адказныя і паслухмяныя? – справядлівае пытанне ўзнікла ў камісіі.
- У жыцці трэба паспрабаваць усё, вось і хацелася пабыць дарослым, - прызнаўся адзін з падлеткаў.
Дарэчы, бацькі на камісіі атрымалі штрафы за няправільныя спробы дзетак пабыць дарослымі, няхай гэтая памылка ў жыцці падлеткаў будзе адзінай свайго роду.
Быць цвярозымі!
На пасяджэнні камісіі разглядалася шмат спраў. Галоўныя вынікі пасяджэння можна абагульніць для падлеткаў наступнымі тэзісамі: трэба сябраваць з законам, быць па-важлівымі да чужой маёмасці, а галоўнае – быць цвярозымі.
- Любы чалавек, які будзе дастаўлены ў паліклініку на медыцынскі агляд на наяўнасць алкаголю ў крыві, будзе пастаўлены на прафілактычны ўлік у наркалагічны кабінет. З такім пунктам біяграфіі потым складана паступіць вучыцца і ўладкавацца на працу. Так што рабіце высновы, - пракаментавала галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Крук.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.