Што хвалюе ветэранаў

Date 28.11.2022 Man
Comment 598
Што хвалюе ветэранаў

Наўрад ці сёння ёсць людзі, якія не цікавяцца становішчам у краіне і вакол яе.  Ветэраны, сталыя людзі, многія з якіх з’яўляюцца дзецьмі вайны, і падаўна. Таму вялікую цікавасць у іх выклікала сустрэча з кіраўніцтвам рэспубліканскага і абласнога саветаў ветэранаў. І тэма размовы актуальная – “Вынікі і ацэнка ваенна-палітычнага становішча вакол Рэспублікі Беларусь, яе ўплыў на ваенную бяспеку і прагноз развіцця”.

Становішча сёння, як адзначыў старшыня рэспубліканскага савета ветэранаў Іван Гардзейчык, не самае спрыяльнае. Усе мы бачым, што адбываецца ў свеце, у краінах-суседках, калісьці брацкіх нам. Ідзе перадзел свету, таму заходнія “гегемоны” распальваюць канфлікты і войны, стараюцца падарваць знутры краіны, нязгодныя з імі. Антыбеларуская кампанія вядзецца і супраць нашай краіны – фарміруецца неадэкаватнае ўспрыняцце таго, што адбываецца ў свеце і ў Беларусі, а таксама ўнутранай і знешняй палітыкі нашай дзяржавы, размыванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і навязванне заходніх “дэмакратычных каштоўнасцей”, раскол грамадства на “сваіх” і “чужых”, стварэнне атмасферы ўзаемнай непрыязні. І інструменты, якія выкарстоўваюцца, самыя розныя.

Да чаго ўсё гэта прыводзіць, мы бачым на прыкладзе Украіны, Прыбалтыкі, Польшчы...

У такой сітуацыі, як падкрэсліў Іван Аркадзьевіч, патрэбна непакоіцца, але не хвалявацца. Беларусь сумесна з Расіяй робяць усё магчымае для захавання бяспекі і стабільнасці. І паўтарыў словы Прэзідэнта аб тым, што кожны павінен займацца сваёй справай.

Са словамі падзякі за работу і нераўнадушша звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы старшыня Мінскага абласнога савета ветэранаў Казімір Чарапкоўскі. У працяг тэмы размовы нагадаў словы маршала Жукава ў 1945 годзе пасля Нюрнбернгскага працэса: “Яны нам гэтага не даруюць”. Жыццё праз дзесяцігоддзі даказала правільнасць гэтага выказвання. І сёння мы, згуртаваўшыся, павінны адстойваць адзінства і непарушнасць нашай краіны, нашага народа.

Ветэраны ў гэтым адыгрываюць не апошнюю ролю. Коратка спыніўся на рабоце раённага савета ветэранаў яго старшыня Анатоль Зябко, адзначыўшы самых актыўных і ініцыятыўных.

Госці адказалі на пытанні бярэзінцаў. Адметна, што ніхто не ўзнімаў бытавых праблем. Усіх цікавіць сітуацыя ў свеце. “Дровы на месцы нарыхтуем і бульбы наварым, - адзначалі ветэраны пасля сустрэчы. – Галоўнае, каб не было вайны”.

Што гэта такое, яны ведаюць як ніхто. Ведаюць, бо нямала пражылі і перажылі. І ўпэўніліся, што няма нічога важней за мір у свеце.

Таму так актуальна і своечасова гучалі словы песні пра тое, што “ёсць толькі імгненне паміж мінулым і будучым, і менавіта яно называецца жыццём”. З гітарай выходзіў да мікрафона намеснік старшыні рэспубліканскага савета ветэранаў Юрый Дзядкоў, песнямі дапаўняе тэму сустрэчы.

Увазе дэлегацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ветэранаў былі прадстаўлены і бярэзінскія таленты. У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для іх спявала вакальная група ветэранаў “Рэчанька”. Дырэктар ТЦСАН Алена Жолудзева расказала пра работу цэнтра, якая тут жа была прадэманстравана.

Адбылася сустрэча і з вяскоўцамі у аграгарадку Любушаны, дзе ў мясцовым Доме культуры сабраліся не толькі ветэраны, але і работнікі мясцовых арганізацый і ўстаноў.

Ала АЛЬФЕР.

Фота аўтара.

 

 

 

 

 

 

 

                                                                                                                  

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « У “АграМАЗе” адзначылі свята День доброты »