І мала хто задумваецца над тым, энаколькі наша справа адказная, шматгранная і складаная, яна вядзецца кругласутачна і не мае выхадных.
А колькасць членаў нашага калектыву складае ўсяго 78 чалавек. Нямала, лічыце вы? Ну тады давядзецца назваць і аб’ём выконваемай работы. Наш РЭС абслугоўвае 920,9 кіламетра ліній электраперадач магутнасцю 10кВ (з іх па лясным масіве – 136,6 км). Дадайце сюды 787,5 кіламетра ЛЭП магутнасцю 0,4 кВ. На нашым абслугоўванні таксама знаходзіцца 459 трансфарматарных падстанцый, а іх сумарная станоўленая магутнасць дасягае 80,4 тысячы кВА. Нялішнім будзе ўзгадаць і 3774 вулічныя свяцільнікі, якія знаходзяцца па ўсіх вёсках раёна і за спраўнасць і замену якіх мы таксама нясём адказнасць.
Як бачыце, спраў у бярэзінскіх энергетыкаў нямала. Калектыў знаходзіцца на сваім пасту ўдзень і ўначы, у снег або дождж, у завеі і ў час шквалістых вятроў, каб у выпадку аварыйнага абрыву правадоў як мага хутчэй аднавіць падачу электраэнергіі спажыўцам і вярнуць утульнасць і цяпло ў кожны дом. Так, вялікі аб’ём работ прыпадае на нашы чатыры рамонтныя брыгады і 18 электраманцёраў размеркавальных сетак. У асноўным маладыя, фізічна моцныя мужчыны, якія маюць за плячыма не адзін год рабочага стажу, выконваюць высотныя работы на лініях электраперадач.
Круглыя суткі заступае на змену, мяняючы адзін аднаго (аварыйныя брыгады), дзяжурны персанал. Усе 16 чалавек - прафесіяналы сваёй справы з вялікім вопытам работы. Забеспячэннем своечасовай і поўнай рэалізацыяй энергіі ў адпаведнасці з заключанымі дагаворамі і дзеючымі тарыфамі займаецца бытавы персанал. Важны і адказны ўчастак маюць і кантралёры энергазабяспечваючай арганізацыі. З раніцы і да вечара робяць яны абход бытавых абанентаў Бярэзіншчыны, а іх – больш за 16 тысяч!
Не менш важная задача і ў вадзіцеляў РЭС. Ім неабходна, незалежна ад умоў надвор’я і пары года, адсутнасці пад’язных шляхоў і стану дарог, як мага хутчэй даставіць персанал і неабходны матэрыял да месца выканання работ. І выручаюць тут не толькі аўтамабілі павышанай праходнасці, а і ўласны вопыт і майстэрства, якіх ім не займаць. Дададзім, што на ўзбраенні ў нас знаходзіцца 24 адзінкі тэхнікі.
Дзень энергетыка, які адзначаецца гэтымі днямі, сапраўды, свята ўсяго нашага калектыву, і той уклад, які кожны з яго членаў уносіць у эканоміку нашай краіны і жыццё кожнага яе жыхара, заслугоўвае толькі самых шчырых і цёплых слоў. Са святам вас, калегі! Пладатворнай і плённай работы вам, здароўя, шчасця і дабрабыту.
Уладзімір НЕСЦЯРОВІЧ,
начальнік Бярэзінскага РЭС.