Раённая газета ад Дзядулі Мароза і Снягуркі

Date 27.12.2022 Man
Comment 550
Раённая газета ад Дзядулі Мароза і Снягуркі

У Дзень падпісчыка бярэзінцы актыўна выпісвалі “БП” і фатаграфаваліся з Дзедам Марозам і Снягуркай.

У пятніцу, 23 снежня, з 10 да 13 гадзін у Бярэзінскім раённым вузле паштовай сувязі журналісты раённай газеты «Бярэзінская панарама» праводзілі Дзень падпісчыка. Надыходзячыя Каляды дыктавалі новы арыгінальны фармат гэтаму звыкламу мерапрыемству. На гэты раз сваіх падпісчыкаў журналісты віталі ў касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі, частавалі чытачоў цукеркамі і ахвотна рабілі фотаздымкі. У сваю чаргу бярэзінцы актыўна выпісвалі любімую раёнку і дзяліліся сваімі меркаваннямі наконт нашай газеты. Што ж яны пажадалі нашаму калектыву на наступны год?

Васіль Траццякоў, работнік СУП“АграМАЗ”:

– «Бярэзінскую панараму» выпісваю даўно. Паважаю мясцовае выданне за аб’ектыўнасць, рэальнае адлюстраванне жыцця раёна і людзей, добразычлівасць герояў карэспандэнцый. Ёсць у мяне і асаблівае стаўленне да гэтай газеты, бо некаторых яе журналістаў я ведаў і ведаю асабіста, ды і падабаецца мне іх жывая і творчая зацікаўленасць ва ўсім, што адбываецца ў нашым раёне.Жадаю супрацоўнікам раёнкі прадаўжаць у тым жа накірунку, прытрымліваючыся прынцыпу: рабіць людзям дабро і самім прыгажэць з кожным днём.

 

Святлана КУШНЕР, начальнік райупраўлення Фонду САН, жыхарка райцэнтра:

– “Бярэзінская панарама” – маё ўпадабанае перыядычнае выданне на працягу многіх гадоў. Кожнага нумара чакаю з вялікім нецярпеннем. У раённай газеце люблю чытаць усе навіны аб падзеях і дасягненнях Бярэзінскага раёна і проста пра цікавых людзей. Мне падабаецца свет захапленняў маіх землякоў, іх жыццёвая пазіцыя. А яшчэ і ўлюбёнасць нашых журналістаў у сваіх герояў. Яны, сапраўды, сваёй працай запальваюць святло дабрыні і надзеі ў нашых душах. Жадаю ўсім бярэзінцам моцнага-моцнага здароўя, а астатняе ўсё прыкладзецца, калі будзеце чытаць сваю раёнку.

 

Святлана ВІННІК:

– “Бярэзінская панарама” – гэта своеасаблівы брэнд нашага раёна. Гэта ўнікальная і непаўторная газета павінна быць у кожнай сям’і і кожным доме. Яна ж расказвае пра нас, нашы радасці, нашы праблемы, нашы перажыванні. Яна па кішэні кожнай сям’і, кожны з нас здольны знайсці тут для сябе цікавыя навіны альбо стаць героем публікацый. Газета шмат піша пра шчаслівыя сем’і, вытворчыя справы і працавітых людзей, не замоўчвае нашы праблемы і заўсёды імкнецца папярэдзіць пытанні, праінфармаваць пра змяненні і акцыі, радуе нас новай вёрсткай і дызайнам, новым падыходам да асвятлення і ацэнкі падзей. Мы давяраем ёй і тым самым захоўваем свой брэнд. Таму напярэдадні новага года я зычу бярэзінцам любіць і шанаваць нашу газету, а журналістам і ўсяму калектыву рэдакцыі не стамляцца ў жаданні данесці кожнаму энергетыку свайго друкаванага радка.

Застаецца нагадаць, што падпіска на раённую газету працягваецца, але не варта адкладваць гэту справу на апошні дзень. Яе апошні нумар у гэтым годзе выйдзе якраз 31 снежня. Дзень, калі ўсе будуць заняты святочнымі прыгатаваннямі да сустрэчы з Новым годам. У віхуры турбот абавязкова знойдзецца час перагарнуць альбо нават прачытаць асобныя матэрыялы сярод родных і блізкіх,абмеркаваць прачытанае, паразважаць альбо шчыра пасмяяцца.Раёнка ж такая розная і яна з намі заўсёды. Не парушайце гэту традыцыю і выданне не падвядзе ваш давер! Рэдакцыя абяцае заставацца крэатыўнай і энергічнай у год Чорнага Труса!


Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Аляксандра Бычкоўскага.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER