Работнікі ДРБУ-192 аператыўна адгукнуліся на перамену надвор’я і прыступілі да ачысткі дарог па ўсім раёне. У большай ступені праблема ўзнікла не з-за вялікай інтэнсіўнасці выпадання снегу, колькі з-за моцных вятроў, якія ўтваралі снежныя перамёты на дарогах. Устаноўленае загадзя ўздоўж праезнай часткі снегазагароджванне ратуе сітуацыю далёка не ўсюды, бо разлічана на вецер канкрэтнага напрамку. А яму ж не загадаеш. Найбольш пацярпелі ад перамётаў участкі дарогі непадалёк ад вёсак Новіны і Мікулічы, дзе знаходзяцца вялікія адкрытыя ўчасткі палёў. А вось тыя адрэзкі дарог, што праходзяць праз лясныя масівы, аказаліся менш заснежанымі ад перамётаў за кошт натуральнай абароны дрэвамі. Тым не менш, расчышчаць ад снегу даводзіцца і іх. Клопатаў нямала, справы вырашаюцца ў штатным рэжыме работы ў зімовых умовах.
Кіроўцу “Амкадора” Васіля Пшанічніка мы засталі на дарозе паміж вёскамі Паложына і Альхоўка. Было відаць, што з дадзеным заданнем ён з раніцы паспеў ужо справіцца, і зараз, на адваротным шляху, дачышчаў праезную частку дарогі ў напрамку райцэнтра. Шчыра прызнацца, было неяк крыху дзіўна бачыць пагрузчык з прымацаваным да яго адвалам для чысткі снегу.
– Няма нічога дзіўнага, – адзначае механізатар, – бо “Амкадор” мой шматфункцыянальны і здольны выконваць шмат аперацый: на яго мацуецца аж 17 разнавіднасцей навясных агрэгатаў. Без спраў не сяджу і ў летні перыяд. Дарэчы, майму пагрузчыку ўжо пяты год, а так за час работы ў дарожнай арганізацыі ён у мяне ўжо восьмы.
Хапае гэтымі днямі спраў і прадстаўнікам камунальнай службы. Графік іх работы таксама карэкціруюць капрызы надвор’я. Большай часткай ачысткай снегу ў горадзе даводзіцца займацца яшчэ да пачатку працоўнага дня, каб людзі маглі без асаблівых перашкод дабрацца на работу, каб былі ачышчанымі прыпыначныя пункты і пераходы вуліц на найбольш людных участках. Не спыняецца работа і потым – на чарзе навядзенне парадку на вуліцах, населеных пункта раёна, дваравых тэрыторыях шматкватэрных дамоў і г.д.
Далёка не першую зіму са снежнай стыхіяй змагаецца Генадзь Жаўняровіч. Яго “Амкадор” не толькі здольны грузіць снег, але, аснашчаны адвалам, паспяхова спраўляецца з ачысткай дарог і вуліц. А юркі МТ-892 Аляксея Булойчыка за адзін раз можа выконваць дзве аперацыі – чысціць снег і ўслед пасыпаць пясчана-сялой сумессю гатовыя ўчасткі як вуліцы, так і тратуараў. Хаця, большай часткай уборкай пешаходных зон заняты яго калега Сяргей Сахончык. Яго маленькі МТЗ-302 якраз і прызначаны для такой мэты.
Як прызналіся мужчыны, сёлетняя непрадказальная зіма не дае ім расслабіцца, і яны імкнуцца, каб давераная ім тэхніка пастаянна была на хаду і на падводзіла ў адказныя моманты.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.