Як вы клапоціцеся пра пажарную бяспеку?

Date 03.02.2023 Man
Comment 1047
Як вы клапоціцеся пра пажарную бяспеку?

Мабыць не было тыдня, каб у навінах не з’явілася інфармацыя пра чарговае ўзгаранне ў якім-небудзь кутку краіны. Бяда прыходзіць неўпрыкмет: то дзеці забываюцца, што з агнём жартаваць нельга, то гараць п’яніцы, аматары пакурыць у ложку; палае свая і чужая маёмасць, пакутуюць іншыя людзі. Праблема пажарнай бяспекі ніколі не страціць сваёй актуальнасці.

Мы у тэлеграм-канале “Berezino News” правялі ананімнае сацапытанне на тэму “Ці клапоціцеся вы аб пажарнай бяспецы”. На момант напісання матэрыялу ў ім прынялі ўдзел 70 чалавек. За пункт “Так, ёсць пажарны апавяшчальнік, выконваем нормы пажарнай бяспекі” прагаласавала 56% апытаных, “Пажарнага апавяшчальніка няма” – 11%, “Дзецям расказваем пра пажарную бяспеку. Запалкі – хаваем, дома – не курым, апавяшчальнік ёсць” – 13%, “Дзецям у школе расказваюць пра пажарную бяспеку. А яны вучаць нас, дарослых” – 3%, “Аглядавыя камісіі нагадаюць пра пажарную бяспеку, калі і не хачу клапаціцца – даводзіцца” – 3%, “Заўсёды клапачуся, каб пячное ацяпленне было спраўным” – 14%.

Вы таксама можаце прыняць удзел у апытанні, калі пяройдзеце па спасылцы ў телеграм-канал Berezino News.

А мы звярнуліся да бярэзінцаў і на вуліцы з пазначаным пытаннем.

 

Ларыса МАКАРАВА, жыхарка Беразіно:

– Пажарных апавяшчальнікаў у нас няма, але мяркую іх набыць. Наогул, баюся пажараў. Усё жыццё працавала бібліятэкарам у школе. Пасля выхаду на пенсію была кадравіком у Васілеўшчыне пэўны час. Дык пытанні пажарнай бяспекі заўсёды турбавалі, яны актуальныя. Да таго ж часта ў навінах паказваюць, расказваюць, ці даводзіцца чытаць пра разнастайныя жахі, звязаныя з агнём. Лічу, напрыклад, калі выходзіш з кватэры, лепш, умоўна кажучы, дваццаць разоў праверыць, ці перакрытая газавая пліта, ці засталіся ў разетках вілкі бытавых прыбораў. Таксама разважаю над пытаннем, ці не пара ўжо мяняць электраправодку, бо нашаму дому ўжо 38 гадоў. 

 

Ганна ЕРМАЛОВІЧ, вёска Пагост:

– Да нас прыходзяць сацыяльныя работнікі, абслугоўваюць, клапоцяцца, турбуюцца за нас. Вось і пажарныя апавяшчальнікі дапамаглі набыць і ўстанавіць. Так што ў гэтым плане – душа на месцы. Таксама часта наведваюцца і спецыялісты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны і прадстаўнікі сельскага Савета ніколі міма не праходзяць, правяраюць і дымаходы, і спраўнасць пячнога ацяплення, і электраправодку. Падкажуць, пракансультуюць пры выпадку. Пажарная бяспека ў нас на належным узроўні. Пастаянна наведваюцца і члены аглядавай камісіі.

 

Арцём і Аксана ЗЯМЛЯНСКІЯ, жыхары Беразіно:

– Жывём сям’ёй у прыватным доме. Пажарныя апавяшчальнікі маюцца ў кожным пакоі і на кухні нават. Лічым, што справа важная, асабліва калі ў сям’і маюцца дзеці. За ўсім назіраем, клапоцімся, каб усё было дагледжана і на патрэбным узроўні. І печ у нас спраўная, прытопкавы ліст маецца. Наогул, гэта важнае пытанне, трэба засцерагацца і дбаць пра пажарную бяспеку.

 

Віктар САМЕЦ, пенсіянер:

– Пажарных апавяшчальнікаў у кватэры маецца 2 штукі. Працуюць эфектыўна. Спецыялісты пажарнай службы прыходзілі і правяралі. Сам шкодных звычак не маю, не куру. Далёкі быў ад захаплення цыгарэтамі ўсё жыццё, калі працаваў у жывёлагадоўлі ў Нясвіжы, а потым пэўны час галоўным заатэхнікам у Мікулічах. Жыць можна і без курэння. А то часам прачытаеш зводку ў “Бярэзінскай панараме”, што хтосьці нападпітку лёг спаць з цыгарэтай і згарэў, адразу жах бярэ і пытанне ўзнікае: навошта ты курыш? Так што клапаціцца пра пажарную бяспеку трэба. Дома таксама разеткі памяняў усе.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER