Цяпер яна носіць званне Ганаровага ветэрана вытворчасці. І добра памятае свае першыя працоўныя дні.
- Я закончыла вучобу ў Магілёўскім вучылішчы хімікаў, - гаворыць Наталля Эдуардаўна. – Гэта было так даўно... За час работы на Бярэзінскім спіртзаводзе пабывала на ўсіх рабочых пасадах, таму вытворчыя працэсы ведаю дасканала. Апошнія два дзесяцігоддзі працую апаратчыкам па перагонцы і рэктыфікацыі спірту.
Я даражу нашым згуртаваным калектывам, добрымі адносінамі паміж людзьмі. Ведаю, што нашы мужчыны парадуюць нас святочным канцэртам пад акампанемент Тамары Дземяшкевіч. А яшчэ добра памятаю гучныя галасістыя выступленні некалі створанай на спіртзаводзе вакальнай групы “Крышталінка”.
Святочны настрой адчуваецца з першых вясновых дзён. Але я буду самай шчаслівай, калі дачакаюся ўнукаў. У мяне дзве дарослыя дачушкі. Настасся працуе ў Бярэзінскай школе мастацтваў, а малодшая Алена – загадчыкам Лешніцкага ФАПа. Яе сёлета нават па СТБ паказвалі!
Дзень 8 Сакавіка мы абавязкова сустрэнем з букетамі любімых цюльпанаў.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.