Самы важны дакумент

Date 14.03.2023 Man
Comment 486
Самы важны дакумент

Самы важны і галоўны дакумент, які засведчвае не толькі нашу асобу, але і факт грамадзянства, – гэта пашпарт. Ён забяспечвае захаванне нашых правоў і свабод і на радзіме, і за мяжой. Традыцыйна ўрачыстае ўручэнне пашпартоў найбольш адораным і таленавітым юнакам і дзяўчатам прымяркоўваюць да Дня Канстытуцыі, бо менавіта Асноўны Закон вызначае ўстройства дзяржавы, а таксама правы, свабоды і абавязкі грамадзян.

– Калі я атрымала пашпарт, – гаворыць вучаніца СШ №2 г. Беразіно Соф'я Несцяровіч, – мяне ахапіла неверагоднае пачуццё: пачаўся новы этап жыцця, ты ўжо дарослая, дакумент гэта пацвярджае!

– Атрыманне першага дакумента было вельмі важнай і хвалюючай падзеяй для мяне, дзякуючы якой усведамляеш наступленне новага перыяду ў сваім жыцці, – дзеліцца асабістымі ўражаннямі вучань СШ №3 г. Беразіно Арцём Тукач. – З атрыманнем пашпарта быццам зрабіў крок у дарослае жыццё, атрымліваеш многія правы грамадзяніна, але таксама і адказнасць перад грамадствам,  блізкімі, самім сабой за ўласныя ўчынкі.

Настасся АНДРЭЕНКА, вучаніца 8 «В» класа Бярэзінскай гімназіі:

– Атрымаць пашпарт – для мяне асабліва хвалюючая падзея, гэта крок у дарослае жыццё, пэўны пачатак самастойнасці, атрыманне правоў грамадзяніна, якія дазваляюць сумленна галасаваць на выбарах, прымаць удзел ва ўсіх праявах палітычнага і сацыяльна-культурнага жыцця краіны.

Гэта натхняе і наводзіць на думкі пра адказнасць, якую павінен мець кожны дарослы чалавек. Па-першае, гэта адказнасць перад Радзімай, бацькамі, сябрамі, самой сабой, карацей – перад усім далейшым жыццём.

Атрыманне пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь напаўняе мяне пачуццём гордасці. Гэта здабытак, які мае шмат добрых перспектыў.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER