У Любушанах – “Чысты вадаём”!

Date 17.05.2023 Man
Comment 831
У Любушанах – “Чысты вадаём”!

Напярэдадні адкрыцця сезону масавага актыўнага адпачынку на прыродзе у аграгарадку Любушаны прайшла добраахвотная акцыя Чысты вадаём”, удзельнікі якой прывялі ў парадак прыбярэжную зону і тэрыторыю паблізу мясцовага вадаёма.

– Мы праводзім гэтую акцыю сумесна з педагогамі і навучэнцамі Любушанскай сярэдняй школы (дырэктар Алена Абазовік), – гаворыць старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Генадзь Стральцоў, – а таксама сумесна з інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (начальнік Іна Дамаронак).

Да працоўнага дэсанту, у склад якога ўвайшлі вядучы бухгалтар РАС БТПР Таццяна Ізмер і егеры Міхаіл Яблонскі, Вячаслаў Ермалюгін, Віктар Чаган і Генадзь Стральцоў далучыліся не толькі добраахвотнікі з ліку работнікаў адукацыі і навучэнцаў, а і мясцовыя жыхары аграгарадка, неабыякавыя да экалогічных пытанняў.

– Мой дом знаходзіцца непадалёк ад вадаёма, – распавядае мясцовы жыхар, супрацоўнік МНС Міхаіл Гулькевіч, – і я заўсёды стараюся падтрымліваць у чысціні тэрыторыю, што прылягае да майго дома і ля вадаёма. Але людзей, якія не саромеюцца выкідаць смецце (асабліва шмат пластыкавых бутэлек!) у ваду ці ў чаротавыя зараснікі, хапае. Культуру паводзін на прыродзе трэба выхоўваць з маленства.

Гэтым займаецца і класны кіраўнік васьмікласнікаў Любушанскай школы Іна Цыбулька.

– Нашы дзеці, – гаворыць Іна Уладзіміраўна, – з’яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскага праекта “Зялёная школа”, і мы заўсёды стараемся ўдзельнічаць у такіх акцыях, як “Чысты вадаём”, і падобных экалагічных падзеях. Мы ў экалагічных мерапрыемствах – флагманы!

– Нам вельмі падабаецца, калі вакол чысціня і парадак, – зазначылі вучні Крысціна Тарабонда і Альберт Шагаў. – Але больш хочацца, каб людзі самі прыбіралі  смецце пасля свайго адпачынку на прыродзе, не адносіліся да экалагічных праблем павярхоўна.

Напрыканцы акцыі Генадзь Стральцоў уручыў сваім юным памочнікам на памяць аб мерапрыемстве штодзённікі, а егер Міхаіл Яблонскі пачаставаў усіх прыгатаванай наварыстай юшкай.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER