Прайшлі выступленні на базе Бярэзінскага лясгаса, прамысловых участкаў ААТ “Мінск-Крышталь” і філіяла “Здравушка-мілк”, торфапрадпрыемства “Бярэзінскае”, Бярэзінскага раёна газазабеспячэння. Абавязкова праводзіліся вучэбныя эвакуацыі і людзям практычна паказвалі, што рабіць пры пажары ці задымленні, як карыстацца вогнетушыцелем. На тэрыторыі Бярэзінскага лясгаса нават прайшлі своеасаблівыя вучэнні: сюды па званку на лінію 101 прыехалі пажарныя аўтамабілі, каб ратаваць умоўнага пацярпелага і ліквідаваць “узгаранне” ў адным з кабінетаў. Кіраваў усім працэсам начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Мазанік. Падчас свайго выступлення Іван Сяргеевіч зазначыў:
“Не сакрэт, што большасць надзвычайных здарэнняў у свеце носяць тэхнагенны характар. А гэта значыць, што яны звязаны з дзейнасцю чалавека. Правільныя і хуткія дзеянні чалавека– гарантыя мінімальных наступстваў пры надзвычайнай сітуацыі. Не менш важна выконваць правілы бяспекі і ў жыллі. Усе яны нам вядомыя, толькі людзі часта парушаюць іх, кіруючыся ўпэўненасцю “са мной не здарыцца!”. Беражыце сябе і не пакідайце дзяцей без нагляду”.