У садку – як  у дружнай сям’і

Date 30.09.2023 Man
Comment 1002
У садку – як  у дружнай сям’і

Мы ўсе родам з дзяцінства. А яно, свядомае, пачынаецца для нас з наведвання дзіцячага садка. Тут мы атрымліваем першыя веды, вучымся не толькі правільна вымаўляць гукі, маляваць, ляпіць, займацца працай, а і сацыялізуемся, робім першыя крокі ў жыццё, набываем сяброў і рыхтуемся да паступлення ў школу. Перыяд гэты вельмі важны і адказны, а таму на работніках дашкольных устаноў і асабліва выхавальніках, як першых педагогах, ляжыць вялікая адказнасць.

У ліку тых дашкольных устаноў, што сёння дзейнічаюць у г. Беразіно, асабліва вызначаецца калектыў дзіцячага садка №2 –  адной са старэйшых гарадскіх устаноў падобнага тыпу, якае мае не толькі багатую гісторыю, але і шмат цікавых напрацовак работы з гадаванцамі і іх бацькамі. Сапраўды, тут створаны на­дзейны тандэм, дзе таты і мамы не выступаюць пабочнымі назіральнікамі, а прымаюць актыўны ўдзел у рабоце ўстановы, аказваюць дапамогу ў яе добраўпарадкаванні. Яскравым прыкладам таму стаў той факт, што садок выйшаў пераможцам раённага агляду­конкурсу на лепшае добраўпарад­каванне, санітарнае ўтрыманне і ўтрыманне аб’ектаў сацыяльна­культурнага прызначэння ў намінацыі “Лепшы дзіцячы садок” і падчас правядзення раённых дажынак быў адзначаны грашовым сертыфікатам. Бацькі таксама далучаюцца да многіх творчых конкурсаў, флэш­мобаў і мерапрыемстваў, аказваюць дапамогу ў зборы макулатуры, жаданыя госці і памочнікі педагогаў. Па меры магчымасці іх адзначаюць граматамі, выказваюць словы падзякі.

У цэлым жа ў садку зараз выхоўваецца 115 гадаванцаў, некаторыя з іх уваходзяць у групы інтэграванага навучання і выхавання. Да кожнага дзіцяці ажыццяўляецца індывідуальны падыход з разлікам канкрэт­най колькасці гадзін на работу з ім. У праграме знаходжання ў садку не толькі абавязковая зарадка, сон і адпачынак на свежым паветры, а і адукацыйныя заняткі, работа ў гуртках, наведанне дэфектолага і г.д.

Загадчыца дзіцячага садка №2 Ірына Шмарлоўская

 

Ларыса Іўчык

 

Ірына Крыварот і Вадзім Мурашка

 

Анжэла Капуста

 

– Наш калектыў, – расказвае загадчыца садка Ірына Шмарлоўская, – вызначаецца сваёй стабільнасцю, а яго члены – працавітасцю і любоўю да сваёй справы. Многія з выхавальнікаў за час работы напрацавалі станоўчы імідж нашай установе і асабіста сабе, з­за чаго многія з бацькоў пры выбары садка аддаюць перавагу не толькі нашай установе, а і канкрэтнаму выхавальніку – Галіне Калянковіч, Ірыне Курдзюк… Добрая слава разыходзіцца сярод бацькоў і пра нашага педагога­дэфектолага Ірыну Крыварот, якая ўмее ставіць гукі сваім гадаванцам і пазбаўляе іх дэфектаў вымаўлення яшчэ да школы. Завадатарам многіх свят і пастаянным іх удзельнікам з’яўляецца наш выкладчык фізічнага выхавання Анжэла Капуста – асоба няўрымслівая, артыстычная і багатая на розныя выдумкі. Больш 20 гадоў працуе ў нашым калектыве Ларыса Іўчык, мой намеснік па асноўнай дзейнасці, высокаадукаваны спецыяліст, які валодае не толькі педагагічнымі ведамі, а і нарматыўнымі дакументамі дзейнасці садка ў цэлым. Добра ўпісаліся ў наш калектыў і ўжо заваявалі дзіцячую любоў нашы новыя работнікі – Таццяна Шмідт і Таццяна Баранава, за плячыма якіх вялікі стаж работы ў першым гарадскім садку санаторнага тыпу.

Самыя шчырыя словы выказвае Ірына Канстанцінаўна і пра іншых сваіх работнікаў. Яно і зразумела, бо калектыў садка – гэта вялікая і дружная сям’я, у якой галоўнымі дзеючымі асобамі з’яўляюцца дзеці. І тут для іх створаны ўсе спрыяльныя ўмовы.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER