На адной хвалі з раённай прэсай

Date 22.10.2024 Man
Comment 28
На адной хвалі з раённай прэсай

Інфармацыйныя паведамленні ад медыцынскай сферы, артыкулы пра калег-медыкаў, а таксама гарадскія навіны – усё гэта ў сукупнасці цікавіць медыцынскую сястру Бярэзінскай ЦРБ Наталлю Салодкую.

Многія бярэзінцы ведаюць гэтую прыгожую жанчыну з чароўнай усмешкай, калі з’яўляюцца прайсці дыспансерызацыю. Наталля Міхайлаўна выслухае ўважліва кожнага пацыента, задасць шэраг пытанняў, прадугледжаных інструкцыямі па дыспансерызацыі, накіруе на здачу аналізаў, правядзе пра-філактычную гутарку пра здаровы лад жыцця, дарэчы, якога прытрымліваецца і ўласна сама.

– У нашай сям’і найпершай і галоўнай чытачкай «Бярэзінскай панарамы» з’яўляецца мама – Галіна Уладзіміраўна. Яна выпісвае раёнку ўсё жыццё, аматарка чытаць кулінарныя рэцэпты, а таксама пра вядомых людзей, сяброў і родных. Карацей, чытае ўсё, – запэўніла Наталля. – Зараз мама на заслужаным адпачынку, але працуе прыбіральшчыцай у райвыканкаме, а да пенсіі была сацыяльным ра-ботнікам. І ўслед за ёй раённую прэсу пачалі чытаць і мы, яно захапляе ды і па рабоце часам актуальна, асабліва для маёй сястры Таццяны, яна – педагог у школе.

Па словах Наталлі, наша газета шырока прадстаўлена ў сацыяльных сетках – Інстаграме, УКантакце і ў тэлеграм-канале «BerezinoNews», і гэта асабіста для яе вельмі зручна – зазірнуў вольнай хвілінай у смартфон і адразу бачна, што робіцца ў раёне. Хаця ад класічнага папяровага варыянта выдання таксама адмаўляцца нельга, бо ёсць штосьці прыемнае і класічнае ў тым, каб вечарам пасля працоўнага дня ўсесціся ў фатэлі з кубачкам кавы і пагартаць прэсу. Падобны працэс дазваляе разняволіцца і адпачыць.

Сёлета ў Наталлі Салодкай працоўны юбілей – трыццаць гадоў, як яна ўладкавалася ў цэнтральную раённую бальніцу пасля заканчэння Барысаўскага медвучылішча (цяпер – каледж) у 1994-м. Быць медсястрой вельмі падабаецца, ужо і не ўявіць ніяк сябе ў іншай ролі. За мінулы час працавала масажыстам, медсястрой хірургічнага і рэнтген-кабінета. У кабінеце дыспансерызацыі з самага пачатку яго ўтварэння. Заўсёды ветлівай жанчыне пасуе працаваць з людзьмі.

Зняць стрэс і адпачыць пасля работы дазваляюць захапленні. У вольны час Наталля – аматарка пастаяць каля пліты, прыгатаваць што-небудзь смачнае, напрыклад, торт – для родных і блізкіх. А яшчэ ў яе ёсць чатырохногі сябра – йоркшырскі тэр’ер Рычард, якому ўжо дванаццаць гадоў. Пагуляць з ім па вячэрняй вуліцы або ў ляску – адно задавальненне.

– Гэта не я яго, а ён мяне гуляць вядзе, – жартуе Наталля. – Рычард даўно ўжо стаў членам сям’і. Наш агульны ўлюбёнец.

Ну а раённай газеце Наталля Салодкая жадае заставацца такім жа інфармацыйна-насы-чаным, шырока прадстаўленым у інтэрнет-сегменце выданнем, ніколі не губляць актуальнасці і запатрабаванасці і заўсёды быць на вастрыні хвалі і ў цэнтры падзей. За што мы скажам ёй ад душы – вялікі дзякуй!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « «Маленький лев», который учит радоваться жизни