Дапамагае ў рабоце газета

Date 04.11.2024 Man
Comment 336
Дапамагае ў рабоце газета

Сярод нашых падпісчыкаў – людзі самых розных заняткаў і прафесій. У іх ліку Аляксандра Саскавец, маладая жанчына, якую ведаюць могія пажылыя жыхары Беразіно.

Сёлета ў лютым было два гады, як яна прыйшла працаваць у Бярэзінскі ТЦСАН. Выпускніца факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта спачатку была спецыялістам, а потым неўзабаве атрымала прапанову ўзначаліць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

– Спачатку баялася стаць загадчыцай, здавалася, што не знайду агульнай мовы з нашымі наведвальнікамі – пажылымі людзьмі, бо ўсё ж вялікая розніца паміж імі і мною ва ўзросце, – прызнаецца Аляксандра Андрэеўна. – Але хутка гэтае пачуццё растаяла, бо ўсё наладзілася, усталяваліся належныя кантакты.

Так, сумненні былі дарэмнымі. Бабулі, якіх сярод наведвальнікаў аддзялення пераважная большасць, адразу вельмі ўпадабалі заўсёды ветлівую, уважлівую Аляксандру, якая кожнаму знойдзе час, каб паразмаўляць, пацікавіцца спра-вамі, падтрымаць і параіць заняткі ва ўстанове.

У штодзённай рабоце з пажылымі людзьмі загадчыцы ўстановы дапамагае раённая газета «Бярэзінская панарама», з якой давялося бліжэй пазнаёміцца прыкладна ў той перыяд, калі назначылі на пасаду. Па панядзелках і чацвяргах у аддзяленні адбываюцца інфармацыйныя гутаркі, у цэнтры якіх раёнка выкарыстоўваецца як крыніца актуальных навін пра падзеі і акцыі, што адбываюцца на Бярэзіншчыне. Нярэдка тут ла-дзяцца акцыі «За бяспеку ра-зам» з удзелам супрацоўнікаў Бярэзінскага РАНС, а таксама Дзяржаўтаінспекцыі. Наша выданне таксама выкарыстоў-ваецца як інфармацыйная пляцоўка. Пажарная баспека, паводзіны на дарогах, як супрацьстаяць інтэрнэт-махлярам – гэтыя і іншыя тэмы знаходзяць адлюстраванне на старонках і выклікаюць непадробную цікавасць чытачоў. Часам наведвальнікі проста так прыносяць новы нумар газеты, каб за кубкам чаю абмеркаваць той ці іншы матэрыял.

– Мае мама і бабуля выпісваюць раённую газету ўсё жыццё, колькі сябе помню, – расказвае Аляксандра. – Калі вучылася ў Бярэзінскай гімназіі, таксама чытала раёнку. Тады яшчэ не было анлайн-праграм тэлебачання, мы заўсёды карысталіся тэлепраграмай у газеце.

Нашай шаноўнай падпісчы-цы, як для хатняй гаспадыні і матулі сямейства, вельмі даспадобы рубрыка рэцэптаў, па словах Аляксандры, тут заўсёды прадстаўлены рэцэпты смачных простых страў, якімі на старонках выдання дзеляцца бярэзінцы. Прафесійную ціка-васць выклікае разнастайная статыстычная інфармацыя, напрыклад, змешчаная ў матэрыялах рубрыкі «ЗАГС інфармуе». Асобная ўвага аддаецца крымінальным навінам. Апошняе тлумачыцца тым, што ў рамках «Школы бяспекі», якая таксама праводзіцца ў аддзяленні, вядзецца прафілактычная работа, скіраваная супраць махлярства.

Цікавасць да статыстычных звестак выклікана яшчэ і тым, што Аляксандра па спецыяльнасці з’яўляецца сацыёлагам, выкладчыкам сацыяльна-палітычных дысцыплін.

– Гэта прафесія вельмі пашырае кругагляд, дапамагае больш дасканала бачыць працэсы ў сацыяльным жыцці грамадства, нават прагназаваць пэўныя працэсы, і ў першую чаргу, дапамагае ў рабоце з людзьмі. Набытыя навыкі і веды ў сукупнасці рэзаніруюць з інфармацыяй ад “Бярэзінскай панарамы” – выдання, якое заўсёды пад рукой.

І хоць да інтэрнэт-версіі раённай газеты звяртацца зручней, аднак Аляксандра лічыць, што папяровы варыянт газеты значна лепш – можна захоўваць выразкі матэрыялаў, каб паказваць людзям, і рабіць гадавыя падшыўкі, што з’яўляец-ца вельмі зручным у рабоце.

Маладая жанчына вядзе актыўны лад жыцця, любіць спорт, наведваецца ў трэнажорную залу і з задавальненнем займаецца развіццём дачушкі: пяцігадовая Сафія захапляецца танцамі і музыкай. Разам з мужам усёй сям’ёй – аматары падарожнічаць па гістарычных месцах Беларусі. Раённай газеце Аляксандра жадае заставацца цікавай і запатрабаванай, і галоўнае – каб падпісчыкі множыліся ў кожную падпісную кампанію. За што мы скажам толькі дзякуй!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара і гераіні матэрыяла.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER