Дзе ёсць надзейны нагляд, там будзе і лад

Date 19.12.2024 Man
Comment 16
Дзе ёсць надзейны нагляд, там будзе і лад

Свой невялікі, пяцігадовы юбілей сёлета адзначыла і такая структура, як інспекцыя Дзяржэнергагазнагляду.

Безумоўна, існавала такая служба і раней, але менавіта ў 2019 годзе яна істотна павялічыла свае паўнамоцтвы і круг абавязкаў, аб’яднаўшы, як гэта вынікае з самой назвы, не толькі кантроль за работай электраўстановак. Таму і не дзіўна, што стаж работы ў сістэме кантролю дзяржінспектара інспекцыі Бярэзінскай раённай энергагазінспекцыі Барысаўскага міжраённага аддзялення філіяла «Дзяржэнергагазнагляд» па г. Мінску і Мінскай вобласці Сяргея Казака складае амаль дваццаць гадоў.

– Работы ў нас заўсёды шмат, – расказвае ён, – бо ў штаце інспекцыі ўсяго толькі пяць чалавек, з улікам вадзіцеля, а колькасць бытавых спажыўцоў перавышае 16 тысяч, плюс крыху больш за 250 прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Наша асноўная задача – кантроль за эксплуатацыяй ужо існуючага электраабсталявання і за выкананнем тэхнічных нарматыўных актаў пры яго мантажы на новых аб’ектах, прафілактычная работа з насельніцтвам, выдача рэкамендацый па ўхіленні выяўленых парушэнняў, якія могуць прывесці да кароткага замыкання або пажару, абследаванне домаўладанняў і вытворчых аб’ектаў і гэтак далей.

Апошнім часам клопатаў істотна дабавілася, калі пачалася рэканструкцыя існуючых электрасетак і ў бярэзінцаў з’явілася магчымасць падключаць электракатлы. Толькі перш чым іх падключыць, неабходна стварыць праект, узгадніць яго, сабраць пакет неабходных дакументаў, а пасля правядзення мантажу на месцы пераканацца, што работы выкананы якасна і крыніца электрычнасці не стане крыніцай небяспекі.

Сярод маладога папаўнення інспекцыі – дзяржінспектар Аляксандр Красоўскі. Тут ён усяго другі год, але да разраду маладых спецыялістаў сябе не адносіць, бо мае за плячыма пэўны стаж і работы ў якасці інжынера-электрыка ў ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс», і нават спецыяліста сталічнага падраздзялення дэпартамента аховы. Вось толькі Бярэзіншчына не адпусціла ад сябе, вярнула да родных каранёў. Ды і работа, а таксама існуючы ў калектыве мікраклімат маладому мужчыну прыйшліся даспадобы. Калі ж узнікаюць праблемы, старэйшыя сябры-калегі заўсёды побач і прыйдуць на дапамогу.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER