Адпраўляемся ў сумесны рэйд з ратавальнікамі. У выхадныя дні ратавальнікі наведалі грамадзян, што жывуць у Беразіно, у весках Паплаўскага і Капланецкага сельсаветаў. Адрасы для наведвання выбраныя не выпадкова: усе людзі – у групе рызыкі. Гэта шматдзетныя сем’і, адзінокія старыя, інваліды. Грамадзяне, што злоўжываюць спіртным – таксама ў полі зроку. Прыемна назіраць чысціню ў доме састарэлай адзінокай бабулі, і баліць душа, калі бачым бруд і беспарадак у жыллі маладых бацькоў. Асноўныя ж парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, што трапляюць на нашы вочы ў сельскіх дамах – даволі тыповыя. Гэта непатынкаваныя дымаходы, няспраўныя пажарныя апавяшчальнікі, печы з расколінамі. Што датычыцца людзей, што злоўжываюць спіртным, тут сітуацыя часта безнадзейная і сумная: аварыйныя печкі, чарада бутэлек і недакуркі на падлозе без слоў сведчаць пра лад жыцця гаспадара жылля. Ды і парады інспектара з пажарнай часці часта сустракаюцца «ў штыкі». У рабоце з такімі людзьмі не абысціся без служб узаемадзеяння: міліцыі, сацыяльнай службы, сельсаветаў. У кожным доме правяраючыя пакідаюць буклеты і памяткі пра меры ўласнай бяспекі.
Начальнік бярэзінскіх ратавальнікаў Іван Мазанік нагадвае:
«У мінулыя суткі на тэрыторыі раёне на пажары ў весцы Казлоў Бераг загінулі два мужчыны. Асноўная версія здарэння, якая зараз разглядаецца – неасцярожнасць пры курэнні. Банальная ісціна «Ваша бяспека – у вашых руках!» ніколі не згубіць актуальнасці. Больш за 90 працэнтаў пажараў – вынік нядбайнасці і неасцярожнасці самога пагарэльца.
Зрабіце для ўласнай бяспекі простыя рэчы: адрамантуйце печку, не пакідайце без нагляду працуючыя электрапрыборы, не курыце ў спальных пакоях. Купіце пажарны апавяшчальнік у кожны жылы пакой. Нераўнадушша да пытанняў бяспекі ўратуе вашу маёмасць і жыццё ад страшнай бяды – пажара».
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
Юлія БУКЕЛЬ.